Мікола Гусоўскі

Мікола Гусоўскі
     Мікола Гусоўскі – наш славуты зямляк, прадстаўнік эпохі
Адраджэння, сучаснік Францыска Скарыны. Пяру Гусоўскага
належаць тры паэмы і больш за дзесяць вершаў. Але самы
ўдалы твор, якому было суджана доўгае жыццё і вялікая слава,
– гэта паэма “Песня пра зубра”. Менавіта з твораў паэта і
асабліва з паэмы “Песня пра зубра” ўзяты некаторыя звесткі
пра яго жыццё і творчасць.
     Гусоўскага для літаратуры адкрыў Эразм Вітэліус –
сакратар вялікакняжацкай канцылярыі. Вітэліус добра ведаў
Беларусь і высока цаніў таленавітых людзей. У адным з
пасольскіх падарожжаў у Рым яго суправаджаў Мікола
Гусоўскі. У Рыме Гусоўскі прысутнічаў на баі быкоў. Гэта
відовішча навеяла яму малюнкі з дзяцінства – паляванне на
зубра. Аповед пра паляванне здзівіў і захапіў слухачоў. Апякун
мастацтва, паэзіі і палявання Папа Леў Х Медзічы, жадаючы
пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў,
зрабіў літаратурны заказ. Такая прапанова для Гусоўскага была
не толькі нечаканасцю, але і пахвалой яго таленту.
     У тысяча пяцьсот дваццаць другім годзе далёка ад
Радзімы, у Рыме, Мікола Гусоўскі стварыў шэдэўр славянскай
культуры – “Песню пра зубра”. Паэма напісана на лацінскай
мове. У Вялікім Княстве Літоўскім на гэтай мове пісаліся
шматлікія дзяржаўныя акты, выкладаліся навукі ў школах.
Нельга было ўявіць адукаванага беларуса таго часу, які б не
ведаў лацінскай мовы.
     Паэт напісаў паэму не толькі пра зубрыныя ловы, але і
ўзнёслую песню пра беларускую зямлю з яе багаццямі, пра
людзей з іх думамі і пачуццямі, пра прыроду і жывёльны свет
гэтага цудоўнага краю. Зубр – гэта сімвал роднага краю, сімвал
яго былой магутнасці. (241 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 45 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: