Млечны Шлях

Млечны Шлях
     Млечны Шлях прыцягвае ўвагу людзей яшчэ з глыбокай
старажытнасці. Няма народа, які б не меў для яго свайго
наймення і інтэрпрэтацыі.
     На значнай тэрыторыі Зямлі Млечны Шлях мае назву
Саламяная Дарога. Гэтае найменне першапачаткова з’явілася,
напэўна, у арабаў і ад іх пашыралася сярод суседніх народаў.
Качэўнікі Блізкага Усходу вялі гаспадарку, у якой салома мела
даволі істотнае значэнне.
     У балгараў, напрыклад, Млечны Шлях атрымаў назву
Кумава Салома, ці проста Салома. Народная легенда апавядае,
што аднойчы сцюдзёнаю зімою, калі ўся зямля была ў сумётах,
у аднаго беднага чалавека скончыўся корм для валоў. Днямі і
начамі ён думаў, як накарміць жывёлу, дзе ўзяць саломы, каб
валы не падыхалі з голаду. Цёмнай марознай ноччу ён пайшоў
да багатага кума на падворак, асцярожна набраў са стога ў кош
саломы і панёс да сваёй хаты. Але кош быў дзіравы. І салома
церушылася на дарогу, утвараючы доўгі след. Калі чалавек
прыйшоў дадому, кош быў пусты.
     На досвітку гаспадар заўважыў, што нехта ноччу
разварушыў яго стог і ўкраў салому. Пайшоў ён па следзе і
дайшоў да дома, дзе жыў яго кум. Бядняк не прызнаваўся ў
сваім зладзействе. Тады багаты кум паказаў яму салому, што
рассыпалася па дарозе. Сорамна стала злодзею…
А гаспадар саломы сказаў: “Хай загарыцца гэта крадзеная
салома і ніколі не тухне, каб усе ведалі і памяталі, што нельга
красці…” Загарэлася і з тых часоў гарыць на небе Кумава
Салома.
     Сярод вядомых на Беларусі назваў Млечнага Шляху
сустракаюцца такія: Гусіная Дарога, Птушыны Шлях,
Птушыная Дарога, Дарога ў Ерусалім, Чумацкая Дарога, Стан,
Малочная Дарога. (248 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 82 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: