Му́зыка

Му́зыка
      Яшчэ не скончылася вайна, Чырвоная Армія толькі
вызваліла Беларусь, калі ў пасёлку адкрылі дзетдом. Жылі
дзетдомаўцы ў халодным каменным доме. Выхаванцаў па
першым часе было мала, толькі чацвёра.
      Першыя дні дзецям было вельмі цяжка. Яны сумавалі па
родным доме, хоць ведалі, што бацькі іх загінулі. Займацца з
дзецьмі выхавальніцы Веры Паўлаўне асабліва не было калі:
яна то гатавала дзецям ежу, то што-небудзь мыла, то
прыбірала пакой.
      Аднойчы, выгадаўшы вольную часіну, Вера Паўлаўна
сабрала дзяцей у зале, дзе стаяў стары раяль. Моўчкі, без
ахвоты, акружылі яны выхавальніцу і чакалі. Амаль кожны з
іх брынкаў ужо не адзін раз на гэтым вялізным чорным
інструменце. Вера Паўлаўна, седзячы на зэдліку, то
падсоўвалася бліжэй да раяля, то адхіналася зноў назад. Было
відаць, што хвалявалася.
      І вось пачуліся першыя гукі. З’явілася такое адчуванне,
быццам, глуха пагрымваючы, насоўваецца хмара. Раптам
музыка стала мацнець, набіраць сілу, і перад вачыма паўсталі
карціны бою.
       Мінуў нейкі час, і музыка стала мяняцца, гукі цішэлі, і тут
раяль заспяваў тоненька і далікатна. Здавалася, нарадзіўся
праменьчык, а потым як быццам узышло сонца, яркае,
прамяністае. І ад музыкі, якая цяпер гучала, было так хораша
на душы, нібы ўсе яны апынуліся сярод кветак на квяцістым,
духмяным лузе.
       Дзяўчынкі прытуліліся адна да адной, абняліся і за ўвесь
час нават не паварушыліся. Хлопчыкі таксама. У вачах ва ўсіх
стаяла святло радасці. Калі ж музыка сціхла, нікому не
хацелася нікуды ісці адсюль.
       З таго часу яны збіраліся ў вольны час сваёй сямейкай
каля раяля, што парадніў іх, і прасілі Веру Паўлаўну пайграць.
(246 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 223 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: