Мурашнік

Мурашнік
      Некалі мурашнік, які вырас ля самай лясной сцяжынкі,
быў такі маленькі, што не закрываў нават пянька. Але
паступова рудая горка большала. Дробненькія, але дужыя і
ўпартыя стварэнні з усяго наваколля безупынна сцягвалі сюды
патрэбны будаўнічы матэрыял, і хутка горка заняла ўсю
сцяжыну.
      З аднаго боку мурашніка людзі вытапталі дугу. Пройдуць,
абмінаючы перашкоду, і ідуць далей.
      Аднойчы на мурашоў абрушылася бяда. Яна мела выгляд
вузкіх веласіпедных колаў з чорнымі пакрышкамі. Першы
веласіпедыст угледзеў наперадзе перашкоду і набраў разгон, каб
не завязнуць у рыхлай горцы. След у след праляцеў другі. Трэці
імчаў крыху воддаль. Ён прытармазіў і абагнуў жытло мурашоў,
разрэзанае на дзве паловы. Чацвёртым ехала малое дзіця.
      Адолець мурашнік яно не здужала і мякка апусцілася на яго
левую палову. Выбіраючыся адтуль, зруйнавала і правую
палову конуса.
      Параскіданыя мурашы хапаліся за бліжэйшы кавалачак
галінкі ці за трэсачку і цягнулі да горкі, нібыта нічога не
здарылася.
      Стары чалавек схадзіў па сякеру, высек і затачыў чатыры
бярозавыя слупкі, убіў іх вакол мурашніка, пасля прыбіў да
слупоў альховыя жардзінкі. Атрымалася агароджа.
      Прайшоў час. Той самы чалавек наведаўся да мурашніка
і, калі ўбачыў яго, знямеў. Жытло ўпартых насякомых не толькі
вярнула сабе правільную форму конуса, але і прыкметна
пабольшала. Вяршыняю мурашнік даставаў чалавеку да пояса.
Аднак агароджа з аднаго боку аказалася паламанай, канцы
жэрдак хаваліся ў мурашніку. Стары вырашыў, што веласіпеду
такую жэрдку не адолець, і зрабіў вывад: “На матацыкле нехта
ўлез”.
      Праз год чалавек убачыў, што горка зноў здорава
пацярпела. Хату мурашоў прыціснуў да зямлі шырокім колам
трактар. Рэшткі таго, што нядаўна называлася агароджаю,
валяліся навокал. Стары сабраў іх і кінуў пад хвою. Пасля
моўчкі пастаяў, павярнуўся, цяжка ўздыхнуў і паплёўся па
сцежцы...
      У апошнюю сустрэчу чалавека з мурашамі адзіны слупок,
які ўцалеў ад наезду трактара, цяпер ледзь вытыркаўся з горкі-
хаты. Яна зноў мела правільную форму конуса і вырасла
настолькі, што вяршыня раўнялася з плячыма чалавека.
      Старому падалося, што знішчыць або спыніць мурашоў не
зможа ніякая сіла. Ён падумаў, што мурашы сваёю
абыякавасцю да зла, якое чыняць ім людзі, дэманструюць сваю
пагарду да іх. (330 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 198 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: