Музейная гара

     Самы высокі бераг Нёмана ў Гродне здаўна называюць
Замкавай гарой. На гэтым старажытным узвышшы
знаходзяцца два знакамітыя музеі – Стары і Новы замкі. Калі
пайсці туды, трэба не спяшацца пераходзіць з адной залы ў
другую, і тады перад вачыма адкрыецца дзівосны свет нашай
багатай гісторыі.
     Стары замак калісьці быў і абарончай крэпасцю, і
палацам, і рэзідэнцыяй вялікага князя Вітаўта, караля Стэфана
Баторыя. Замак будаваўся і перабудоўваўся, быў драўляным і
каменным. Цяпер тут размешчаны гісторыка-археалагічны
музей, дзе захоўваюцца вельмі цікавыя экспанаты.
     У музейных залах можна ўбачыць прылады працы, якімі
гродзенцы карысталіся восемсот гадоў назад: сярпы, нажы,
долата, нажніцы, іголкі. Тут сабрана больш за дзве тысячы
экспанатаў даўнейшага абутку: чаравікі, туфлі са скуры, боты.
Вабяць да сябе вырабы са шкла, з рагоў і костак: пацеркі,
посуд, грабяні, упрыгожанні.
    Нельга адарваць вачэй ад гравюры 1575 года. На ёй
намаляваны горад на высокім беразе ракі. Мастак адлюстраваў
замкі і цэрквы, хаты і майстэрні рамеснікаў, старажытны мост
і паўнаводны Нёман, конных і пешых гараджан. Трэба
навучыцца ўзірацца ў дзень учарашні, каб больш цаніць і
ведаць дзень сённяшні.
    У Новым замку нельга прапусціць цікавую залу са зброяй
мінулых вякоў. Тут можна нават сфатаграфавацца з воінам у
шлеме і рыцарскіх даспехах. Можна ўбачыць гармату, якую
паднялі з дна Нёмана. У захапленне прыводзяць рэчы
старажытных майстроў: камінны гадзіннік, прыгожая ваза з
фарфору, чайніца, чарнільны прыбор, кубкі і талеркі.
    Правільна казалі нашы мудрыя продкі: “З рамяством
дружыць – у жыцці не тужыць”. Справа іх умелых рук жыве
сёння, выхоўвае і натхняе нашых сучаснікаў. (244 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 238 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: