На беразе возера

На беразе возера
     Паўднёвы бераг большай затокі пакрыты вечна сасновым
шумам.
     Хораша тут, калі бывае час палюбавацца!
     Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім
святле, а над верасам – таксама ў сонцы – густа высяцца гонкія
сосны. Добра ўзняць галаву, заглядзецца на іх шэра-зялёныя,
са стальным адлівам, кучаравыя верхавіны на фоне цёплага
блакіту і галубіных воблакаў. Сосны гамоняць. Нібы
расказваюць чароўныя казкі маленства. Адну за адной,
нястомна і радасна, ціха і мудра, як гэта можа добра пагодлівая
старасць. Возера сёння маўчыць. Каля нізкага берага ледзь
чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Чайкі гуляюць над
люстраной вадою, пікіруючы на спажыву, або садзяцца на
вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імі затупаны і
пацярушаны пер’ем. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам
бурных прыбояў, парахнее разбітая лодка. Па рыбацкім звычаі
лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігае апошняя бяда.
     Далей на поўдзень – абрывісты бераг. Высокі, амаль з
марской галькай унізе, з мыльным намывам пены. Вада дні і
ночы гадамі падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца,
здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа
выйшлі тут на край абрыву. Яны адчаянна чапляюцца за
абрыў, а потым усё ж такі падаюць.
     А наверсе па-ранейшаму патрэскваюць пад нагамі дробнае
сучча і старыя хрусткія шышкі. Паглядваюць мілымі вочкамі
кветкі іван-ды-мар’і. Час ад часу ў вершняку перасвістваюцца
каршуны, і ніяк не пасуе ім іхні свіст, зусім не маладзецкі і не
грозны.
     Вельмі прыемна бывае, калі ў гэтую дзіч з маляўнічай
дарожкай, што пятляе паблізу ад берага, калі ў гэтую
раскошную глухамань урэжацца раптам клін духмянага жыта
або квітнеючай бульбы. Знак таго, што і тут пахадзіла рука
чалавека. (255 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 187 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: