На дачы

На дачы
      Шмат клопатаў у Арцёмкі на дачы. Найперш – назіраць
за бусламі. Адразу за агароджай на дрэве зроблена буслянка.
Зранку і да позняга вечара тут кіпіць работа. Калі Арцёмка
прыязджае на канікулы, у гняздзе ўжо з’яўляецца двое, а то і
трое маладых буслянят. Пацешна глядзець, як яны вучацца
лётаць: стануць на край буслянкі і доўга не адважваюцца
скокнуць уніз. Але бацькі ім строга выгаворваюць за
нерашучасць, незадаволена клякочуць, а калі і гэта не
дапамагае, то проста выпіхваюць іх з гнязда. Арцёмка бачыў
гэта на ўласныя вочы. Падаючы, маладыя буслікі пачынаюць
сутаргава махаць крыламі, спыняюць падзенне і нават крыху
набіраюць вышыню. Але далёка ляцець яшчэ баяцца: зрабіўшы
круг, вяртаюцца ў гняздо. А праз нейкі час урок гэты
паўтараецца. І з кожным днём палёт маладых буслоў становіцца
ўсё больш упэўненым.
     Летась тут ледзьве не здарылася бяда. Раніцаю, як
звычайна, Арцёмка прыбег у альтанку, каб паназіраць за
бусламі. Але ў той дзень яны паводзілі сябе неяк нязвыкла,
кружылі вакол дрэва, то апускаючыся амаль да самай зямлі,
то зноў набіраючы вышыню, і ўвесь час трывожна клекаталі.
Падышоўшы бліжэй, Арцёмка ўбачыў, што ў траве пад дрэвам
бездапаможна трапечацца малое бусляня. Напэўна,
неасцярожна крутнулася і выпала з гнязда.
     Арцёмка паклікаў дзеда. Удваіх яны ўважліва агледзелі
перапалоханае, насцярожанае бусляня. На шчасце, ні крылцы,
ні лапкі ў яго не былі пашкоджаны. Аднак самастойна
вярнуцца ў гняздо птушаня не магло: яно ці то балюча
ўдарылася, ці яшчэ не хапала сілы.
     Дзеду з Арцёмкам самім рады даць не ўдалося. Залезці на
высокае дрэва яны не змаглі, а такой лесвіцы, каб яна дастала
аж да буслянкі, у іх не было. Тады дзядуля пазваніў мясцовым
ратавальнікам. Тыя прыехалі на машыне з кранам і за некалькі
хвілін даставілі няўдачлівую малечу ў гняздо. (279 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 232 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: