На лузе летам

На лузе летам
     Летам, куды ні кінеш вокам, зачароўвае зялёны прастор і
прыгажосць.
     У полі бяскрайнім морам бушуе жыта. Коцяцца пад
лёгкім павевам ветрыка зялёныя хвалі, коцяцца і коцяцца, і
няма ім ні канца, ні краю. І калі над гэтым жытнёвым морам
раптам падымаецца, шырока распрасцёршы пругкія крылы,
сівы лунь, міжволі здасца табе, што гэта сапраўды мора, у якім
дзесьці на небасхіле праплыве малюсенькі паруснік.
     Узлескі і паляны патанаюць у белых карунках
легкакрылых рамонкаў, у бірузе лугавога льну і браткоў, у
тонкім перазвоне ліловых званочкаў.
Хораша летам на лузе. Сухое паветра моцна настоена на
тонкім водары ружовай смолкі, на мядовым паху чырвонай
канюшыны.
     Хораша гэтай парой паляжаць у цяньку дрэў або
асвяжыцца ў рэчцы. А яшчэ больш прыемна прабрацца на
світанні росным зараснікам вербалозу да схаванага пад
покрывам белага туману азярца, што згубілася сярод шырокіх
пойменных лугоў Бярэзіны, і бясшумна, так, каб не спудзіць
птушку, якая яшчэ спіць у кусце, закінуць у нерухомую ваду
вуду. Закінуць і моўчкі любавацца, як лёгкі, нібы пёрка,
паплавок, пакалыхваючыся між зялёных лістоў лопуху,
паплыве да яшчэ соннай лілеі і, спыніўшыся перад ёю,
далікатна пачне раскланьвацца.
     Вось з-за лазняку выглянула вялізнае чырвонае сонца.
Пасля яно падымецца над лугамі, і ўсё навокал: шэры
хмызняк, высокі трыснёг над вадой, невыразна акрэсленыя
ўдалечыні сілуэты адзінокіх дубоў – раптам паплыве ў нейкім
казачным мроіве. І ты сам тады з вудай у руцэ, здаецца,
паплывеш у бязмежную ружовую далячынь.
     Усё жывое на лузе зачаравана гэтай прыгажосцю. Адна
толькі перапёлка ў роснай траве, не заўважаючы гэтага
хараства, угаворвае цябе: “Спаць пара, спаць пара”. Дзівачка!
Аб якім сне можа ісці гаворка, калі чалавеку цяпер і начамі не
спіцца.
     Лета! Залатая пара! (268 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 280 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: