На новым месцы

На новым месцы
    Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую
трэба было пачынаць і да якой так доўга гатаваўся, – усё гэта
займала думкі Лабановіча. Яму па душы быў гэты куток
Палесся, народ з яго асаблівай моваю і звычаямі. Так
непадобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх
выйшаў ён сам.
    У нядзельку раненька, ледзь толькі зайграла чырвань на
ўсходзе, Лабановіч ужо выязджаў з вёскі. Невялічкая вёска ў
адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна. На ўсім
ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы
тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсё рабілі да
часу і яшчэ не ўправіліся зрабіць той парадак, якім адзначаецца
беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што
каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў, але нікому не
прыходзіла ў галаву палажыць кладачку супраць свае хаты,
каб прайсці праз балота, у якім тапілася гэтая вуліца. Ад балот
патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад
аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё
стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела
сваю прывабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага
задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і
чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна
было б адпачыць і заспакоіцца.
    Праз нейкі час работа ў школе наладзілася.
    Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца.
Кароткія зімнія дні праходзілі незаўважна, іх не хапала на тое,
каб як след правесці работу. Як толькі добра развіднялася і
была магчымасць весці лекцыі, Лабановіч ішоў у школу,
размеркаваўшы сваю работу між чатырох груп.
    Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група
была занята і не сядзела без работы. Удзень вучні распускаліся
на паўтары гадзіны для абеду. Пасля лекцыі зноў ішлі да
самага вечара, пакуль не пацямнела. Потым настаўнік яшчэ
доўга сядзеў над сшыткамі і папраўляў іх. Маладых сіл было
многа: здавалася, ніколі не вычарпаеш іх.
    У сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару
высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся ведаў,
лёгка засвойвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім
незразумелым і цяжкім. (331 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 39 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: