На радзіму

     Нечакана для сваякоў Максім Багдановіч праявіў
упартасць і, паклаўшы ў маленькі фанерны баульчык некалькі
кніжак, рукапісы, развітаўся і сабраўся ў Беларусь. Ён нават не
хацеў, каб яго праводзілі на вакзал, але бацьку ў гэтым ён не
мог адмовіць.
     Поезд набаўляў хуткасць. Пэўны час Максім глядзеў у
акно, але стаміліся вочы, і ён пачаў пазіраць на пасажыраў.
Жавалі, прычмоквалі, глыталі, аблізваліся, смакталі ўсе ў
вагоне. Размовы пра продаж і набыццё маёмасці, быццам і не
было вайны.
     Злосць і агіда пачалі душыць Максіма. На станцыі ён
перайшоў у вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам,
салдатамі, сялянамі. Багдановіч паставіў на падлогу баульчык і
апусціўся на яго. І тут яго ўзяў кашаль…
     Максім доўга не мог гаварыць, ён толькі слухаў. Праз гэты
прыступ усе да яго паставіліся даверліва і апавядалі пра свае
турботы. З гэтых апавяданняў паўставала перад паэтам
народнае гора – маўклівае, шэрае, няўхільнае.
     А за вокнамі была ўжо Беларусь – вузкія палоскі зямлі,
узгоркі з соснамі, дзікая груша сярод поля, саламяныя стрэхі…
     Недалёка ад Мінска поезд спыніўся. Максім Багдановіч
выйшаў з вагона. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй
бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя
да вазоў каровы. Ён пераходзіў ад воза да воза, слухаў жанчын,
дзяцей, старых, і яго мучыла пытанне: паэт, што ты зрабіў для
шчасця народа? На адным з вазоў сядзела дзяўчына гадоў
сямнаццаці і чытала кніжку. Паэт хацеў даведацца, што
дзяўчына чытае, але яна адказала жартам.
     – Хоць імя сваё скажыце, – засмяяўся паэт.
     – Вераніка, – ціха прамовіла дзяўчына. – А ваша?
     – Ахрысцілі Максімам.
     Дзяўчына паднялася. На твары было здзіўленне.
     – Кніжку напісаў таксама Максім, – узрушана прамовіла
яна. – Па-нашаму напісана кніжка. Назва яе “Вянок”.
     Ён хацеў нешта сказаць, але не паспеў. Воз з дзяўчынай
праплыў перад яго вачыма і знік. На яго месца прыйшлі шэрыя
світкі, вазы, коні. (284 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 206 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: