Надыход восені

Надыход восені
     Добра было ў раннюю восень у калгасе. З поля прыбіралі
багаты ўраджай, сеялі жыта. На адным палетку яшчэ ляжалі
снапы позняга аўса. На паплавах гатова была да касьбы атава.
Яшчэ цвілі палявыя кветкі, а на месцы тых, што адцвілі ў
канцы лета, даспявала і сеялася на зямлю насенне – чорныя,
шэрыя і жоўтыя зярняты, якімі так любяць ласавацца дробныя
птушкі: шчыглы, чыжы. І нават шустры верабей, які прывык
да сытай спажывы дзе-небудзь на калгаснай стайні ці гумне,
вылятаў за сады і агароды і весела раздзёўбваў у густым зеллі
спелыя галоўкі з зернем. Павучкі плялі белае лёгкае павуцінне,
яно лётала ў паветры і чаплялася за траву і галлё. Гэта была
адзнака таго, што доўга будзе стаяць яснае надвор’е.
      Вечарамі ўзыходзіў поўны месяц. Спачатку ён быў
чырвоны і стаяў нізка над зямлёй. Здавалася, што ён ляжаў на
прырэчных кустах ядлоўцу, крушыны і алешыны, у тым
месцы, дзе на высокім беразе быў высечаны лес. Пасля месяц
узыходзіў вышэй, рабіўся жоўты, а калі паднімаўся высока,
зусім бляднеў і такі белаваты быў ужо да самага канца ночы. А
начамі павяваў здаровы і прыемны халадок, якога баяліся
надакучлівыя камары. Яны не лёталі і не кусаліся, а сядзелі
абмярцвелыя ў шчылінах і пад лісцем.
      Увосень ночы халодныя і доўгія. Калі хмары не
закрываюць месяца, зорнае неба, чыстае і высокае, усю ноч
зіхаціць сваім ясным хараством. На полі відаць далёка. Ці лес,
ці асобнае дрэва, ці хата здалёк будзе чарнецца, хоць і нельга
адразу выразна бачыць ці нават здагадацца, што гэта такое. На
высокім беразе вышэй за ўсе кусты ўзнімалася маладое дрэўца.
Гэта была асіна, і год ёй было каля дзесяці. У такія ясныя ночы
яна была відаць здалёк. (272 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 121 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: