Навальніца

Навальніца
     Апоўдні над горадам прагрымела навальніца.
     Чорная хмара насунулася з паўднёвага захаду. Спярша
там была бяскрыўдная шэрая хмурынка на небасхіле. Не
мінула і чвэрткі гадзіны, як зачарнела над прыгарадным лесам.
Край хмары, нібы вялізнае воранава крыло з мутна-бялявымі
плямамі і пасмамі, прыкрыў сонца і павіс над горадам,
прыдзвінскім поплавам і Дзвіной. Пранёсся раптоўна парыў
ветру, закруціў пыл на вуліцах, зашастаў веццем вулічных
прысад і сціх гэтак жа раптоўна, як узняўся. Прыціхла і ўсё ў
наваколлі, і тады бліснула маланка, лінуў спорны дождж.
     На горад як бы хто накінуў густую дрыготкую сетку.
Скрозь яе імгліста-мільгатлівую гушчыню невыразна
акрэсліваліся шэрыя абрысы будынкаў, вуліц, дрэў. Задыміўся
нагрэты сонцам за паўдня асфальт, уздоўж тратуара, паўз
дрэвы і кветнікі, пацяклі шумлівыя, у вясёлых бурбалках,
ручаі.
      Але навальніцы ўлетку імклівыя і кароткія. Хутка хмара,
аддаўшы зямлі належнае, пасвятлела, разарвалася на шматкі,
якія паступова расталі ў небе. Дождж парадзеў, неўзабаве з
блакітнага прасвету выглянула сонца, і над Дзвіной, злучаючы
яе берагі, паўстала казачна-яркай у сваіх сямі колерах дугой
вясёлка.
      Дождж скончыўся, але вясёлка яшчэ не знікала,
красавалася, упрыгожваючы неба і зямлю. Водсвет яе спадаў
на горад, абмыты дажджом, пасвяжэлы, скрозь аздоблены
яркай зелянінай. Прыветліва і весела глядзелі вокны
беласценных гмахаў-дамоў, што не грувасціліся, зацяняючы
адзін аднаго, а ахіналіся святлом з усіх бакоў, аддзеленыя
прасторнымі дварамі-скверамі з маладымі дрэўцамі і клумбамі.
     Вясёлка над Дзвіной паднялася ўгору, колеры яе пабляклі
і неўзабаве рассеяліся зусім. Шматкі хмары пашарэлі і быццам
растварыліся ў сінечы. Сонца залівала цяпер роўным
залацістым святлом, і ўсё ў ім і будынкі, і дрэвы, і асфальтавая
роўнядзь вуліц, і зеляніна прырэчнага поплава – прываблівала
вока свежасцю і чысцінёй. (260 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 139 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: