Нечаканая сустрэча
Ляснік выйшаў на шырокую паляну сярод лесу, спыніўся
і паглядзеў навокал. Ён заўважыў, што мінулай ноччу зноў у
авёс наведаўся мядзведзь. Ласі, алені, дзікі ядуць авёс стоячы.
А вось мядзведзь проста заходзіць у авёс, садзіцца, пярэднімі
лапамі прыхінае да сябе сцяблы і абшморгвае мяцёлкі з
салодкімі зярнятамі. Паабрывае вакол сябе і далей сунецца.
Падзівіўся ляснік на мядзведзеву работу і накіраваўся ў бок
свайго дому.
Ішоў і думаў, як можна адвадзіць мядзведзя ад аўса. Так
моцна задумаўся, што не заўважыў, як прыйшоў да драўлянага
мастка цераз лясную рачулку. Ужо ступіў на масток і тут
раптам адчуў, што на другім баку нехта стаіць. Глянуў наперад
– валасы дыбам падняліся. Зусім блізка, за пяць крокаў ад яго,
стаяў на задніх лапах вялізны буры мядзведзь.
Ляснік ад такой нечаканай сустрэчы не мог ні крыкнуць,
ні варухнуцца. Толькі глядзеў мядзведзю ў вочы. На звера
таксама нешта найшло: ён стаяў нерухома і пільна глядзеў на
чалавека. Відаць, сустрэча з лесніком для драпежніка была
таксама нечаканасцю. Потым лясны звер варухнуўся, апусціў
пярэднія лапы, павярнуўся і скаціўся з дарогі ў алешнік.
Апамятаўся трохі і ляснік. Нясмела ступіў на масток, мінуў яго.
Ідзе і азіраецца, пільна ўглядаецца ў густы хмызняк. Ці не
зрабіў раптам там мядзведзь засаду?
Адышоўся далекавата, азірнуўся і зноў убачыў касалапага,
які пераходзіў масток. Мядзведзь спяшаўся на паляну
ласавацца аўсом.
Ужо каля вёскі ляснік канчаткова апамятаўся і адчуў, што
нешта важкае адцягвае плячо. Павярнуў галаву і ўсміхнуўся
сам сабе: за спі́най у яго была стрэльба. (240 слоў) |