Нечаканы госць

Нечаканы госць
     Старэнькі аўтобусік, пагойваючыся на ўмёрзлых
калдобінах дарогі, паціху аддаляўся ад гарадка. Праз дзве
гадзіны Янка выйшаў на патрэбным яму прыпынку і застаўся
на дарозе адзін. Адсюль, ад гэтага прыпынку, да невялікай
вёсачкі дзядзькі Ігнася чатыры вярсты. Сёння яны з дзядзькам
Ігнасем будуць паліць лазню.
     Пакуль прыйшоў, добра звечарэла. У хаце гарэў агонь.
Янка ўвесь белы, абмецены завірухай, не стукаючыся, адчыніў
дзверы.
     – Нічога, нічога, – сказаў дзядзька Ігнась і ступіў госцю
насустрач, дапамог зняць з плячэй рукзак, бо пальцы таго
заледзянелі і не слухаліся.
     – Калі не будзе зімой бела, то не будзе ўлетку зелена, –
гаварыў дзядзька Ігнась, дапамагаючы госцю распранацца. –
Думаў, што ўжо і не прыедзеш сёння. Але нічога, нічога… Самы
раз. Праз гадзіну якую і парыцца будзем з табою.
     Злёгку перакусіўшы, яны выйшлі з хаты і накіраваліся да
лазні. Лазня стаяла за гумном, непадалёку ад лесу. Дзядзька
Ігнась, як заўсёды, наперадзе. Каб лішне не таптаць снег, Янка
ішоў за ім след у след. Падышлі яны да самай лазні. Дзядзька
намацаў рукою выключальнік, пстрыкнуў ім, і яны падалі́ся ў
сярэдзіну. Зайшлі – і аслупянелі. Пазіраюць адзін на аднаго – і
ні слова. Хочуць нешта сказаць, а языком павярнуць не можа
ні адзін, як праглынуў яго ўсё роўна. На шырокім дубовым
палку, на тым самым месцы, дзе яны з дзядзькам лупцаваліся
бярозавым венікам, цяпер галавой да іх ляжала рысь.
     – Ацю! Ацю! – раптам крыкнуў дзядзька Ігнась і схапіў ля
печы палена. Рысь падхапілася на высокія ногі, прыгнулася і
скокнула. Янка не паспеў адляцець убок: моцны ўдар у грудзі
паваліў яго на падлогу. Калі крыху ачухаўся, дзядзька Ігнась
сказаў: “Прабач, гэта я ва ўсім вінаваты. Вечарам, калі насіў у
лазню ваду, забыўся зачыніць дзверы”.
     – Можа, і рысь папарыцца хацела, – пажартаваў Янка.
     Вядомы выпадкі, калі рысь наведвалася нават у гарады.
На жаль, яна даўно ўжо рэдкі звер у лясах Беларусі. (294
словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 175 | Рейтинг: 2.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: