Некачаная знаходка

Некачаная знаходка
     Вераніка вярталася са школы адна. Ішла праз школьны
стадыён, скарачаючы сабе шлях. Раптам заўважыла ўтаптаную
ў гразь паперку. Прыгледзелася, аж гэта рублі.
     Дзяўчынка ўзрадавалася, падняла грошы. Вырашыла
дома памыць і прасушыць іх. Яна ўжо марыла пра тое, на што
можна патраціць грошы. “Куплю чыпсаў і пайду да Валянцінкі,
– думала яна, – праведаю хворую сяброўку. Не, лепш пакладу
на рахунак мабільнага тэлефона. Ці купіць у кіёску прыгожую
шпільку ў валасы?” Зрабіўшы дома ўрокі, пабегла да сваёй
сяброўкі Валянцінкі. Растлумачыла ёй новае дамашняе
заданне, расказала пра школьныя навіны. А пра грошы
змаўчала. Не хацела, каб сяброўка ведала.
     Вечарам вярнуўся з вуліцы брат Алесь.
     – Ведаеш, – сказаў ён, – Валерык з нашага класа згубіў
грошы. На стадыёне, на фізкультуры. Маці дала яму на
школьныя абеды. Бедны, шэсць урокаў прасядзеў галодны.
     – Няхай не будзе разявакам! – пачырванеўшы, асудзіла
Вераніка.
     – А мне яго шкада, – паспачуваў Алесь.
     Вераніка зайшла ў свой пакой, адчыніла шуфляду і
паглядзела на грошы. “Можа, і не Валерык іх згубіў! А калі ён?
Нічога, другі раз пільнейшы будзе! Не аддам!” – вырашыла
дзяўчынка.
     Яна старалася не думаць больш пра Валерыка. Але ўявіла,
як сядзіць ён галодны ў класе, як сварылася маці, калі расказаў
пра згубленыя грошы. І ёй стала шкада Валерыка. Усю ноч
варочалася з боку на бок, не магла заснуць.
     Раніцай дзяўчынка рашуча забрала грошы з шуфляды.
Паклала іх у кішэньку ранца і рушыла з братам у школу. У
калідоры ўбачыла Валерыка. Твар у яго быў сумны. Вераніка
падышла да хлапчука і працягнула грошы:
     – На, Валерык, я знайшла іх учора на стадыёне. Ведаю,
гэта твае грошы…
     У яе нібы камень зваліўся з сэрца. (259 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 441 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: