Некрануты куток

Некрануты куток
     У Белавежскай пушчы пануе цішыня і спакой. Здаецца,
сама гісторыя дрэмле ў гушчары вялікага лесу. Задуменнымі
сведкамі даўніны паўстаюць высозныя хвоі, магутныя дубы,
кашлатыя елкі. Тут жылі нашы далёкія продкі, і пушчанскія
нетры не толькі давалі ім магчымасць здабываць ежу, будаваць
жытло, але і напаўнялі душы пачуццём еднасці з прыродай.
Помняць гэтыя мясціны і князя Вітаўта, які шэсць стагоддзяў
таму спыняўся тут на начлег, паляваў на лясную жыўнасць.
Менавіта ён, разумеючы неабходнасць захавання ляснога
багацця, устанавіў правілы аховы запаветнага кутка нашай
Айчыны. І сёння мы маем кавалачак некранутай гісторыі,
сапраўдную нацыянальную скарбніцу.
     Пушча здаўна з’яўляецца крыніцай натхнення для
майстроў слова. Хто толькі не прысвячаў лясным абшарам
паэтычных радкоў, прасякнутых шчырай любоўю да роднага
краю! Ад Міколы Гусоўкага, які ўславіў у сваёй бессмяротнай
паэме ляснога волата – зубра, да Янкі Купалы, Максіма
Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча. Знакамітыя «Песняры»
адну са сваіх самых вядомых музычных кампазіцый прысвяцілі
Белавежскай пушчы.
     Зімовая Белавежская пушча – гэта асобны сусвет. Пад
снежнай коўдрай заснулі травы і дрэвы, у сваіх сховах стаіліся
лясныя насельнікі: рысі, лісіцы, зайцы, алені, ласі. Але
менавіта завірушнай парою Белавежская пушча прываблівае як
беларусаў, так і іншаземных гасцей, бо тут знаходзіцца сядзіба
беларускага Дзеда Мароза.
     Унікальны комплекс штогод наведвае каля ста тысяч
турыстаў. Іх сустракаюць адметныя драўляныя скульптуры
казачных персанажаў, навагодняя прыгажуня ёлка,
разнастайныя забаўляльныя праграмы і, вядома, сам гаспадар
сядзібы. Свой радавод ён вядзе ад старажытнага
ўсходнеславянскага бога марозу і холаду Зюзі.
      У кожнага чалавека ў душы ёсць некрануты куток, дзе
жыве дзіця. Такім кутком у маштабах нашай сінявокай краіны
падаецца Белавежская пушча. А незвычайная сядзіба з яе
гасцінным гаспадаром сведчыць пра тое, што дзяцінства ніколі
не канчаецца, а ўсе мы – дзеці роднай маці Беларусі. (272
словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 187 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: