Незвычайная мышка

Незвычайная мышка
     Вялікі чорны кот ляніва, з годнасцю гаспадара, прайшоўся
па двары, ускочыў на плот, а потым перамахнуў на страху
склепа. Прылёг на цёплай страсе і жоўтымі вачамі ўставіўся ў
копку саломы. Часам вушы ката паволі варушыліся, бо звер
нешта выслухоўваў. Ужо другі дзень кот займае сваю пазіцыю
на склепе, пільна сочыць за капой саломы. Няйначай туды на
зіму зашыліся мышы і вось цяпер, калі прыгрэла сонца,
пакрысе разбягаюцца, каб адшукаць новую схованку.
     Раптам кот натапырыў вушы, кончык хваста нервова
заторгаўся. У наступнае імгненне чорны драпежнік пругка
прыўзняўся на лапах, спружыніста падаўся наперад,
рыхтуючыся да нападу. Высунулася востранькая мордачка,
бліснула маленькімі вочкамі. Кот імкліва абрынуўся на ахвяру.
Але што гэта? Чорны драпежнік раптам спыніўся, бы хто
прытрымаў яго за хвост, гідліва чмыхнуў і абыякава
адвярнуўся. Звярок не шмыгнуў у салому, а пачаў хутка
абгрызаць карэньчык, які трапіўся яму. А кот прысаромлена,
няспешна, быццам нічога не здарылася, адышоўся, ускочыў на
куратнік. Невялічкая шэранькая малеча ні на кога не звяртала
ўвагі. Гаспадар вельмі здзівіўся. Нахіліўся, каб лепей
разгледзець дзіўную істоту.
     – Эге, дык гэта не мыш, – здагадаўся гаспадар. – Няўжо
лясная госця?
     Ён узяў звярка, паклаў на далонь. Шэранькі, як мыш,
толькі вушкі маленькія, вострая мордачка. Бацька паклікаў
сына Міколку.
     – Мышка, – адразу вызначыў сын.
     – Не, ты памыляешся. Гэта землярыйка, лясны звярок.
Наш кот паляваў на яе, але сканфузіўся, бо не адразу
распазнаў. Цяпер сядзіць на даху і перажывае за сваю
памылку. Гэта карысны звярок, ён шукае розных чарвякоў,
насякомых. Занясі, сынок, і выпусці на ўзлеску. Няхай жыве.
(243 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 145 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: