Няміга

Няміга
     Тысячамі блакітных ніцей перасякаюць нашу Беларусь
шматлікія ручаі, рачулкі, рэчкі, рэкі. То залівіста, то ціха, то
гулліва пяюць яны славу беларускаму краю, ажыўляюць і
аздабляюць яго воблік. Ды ёсць сярод іх адна, непаўторная,
спрадвечная, летапісная, сапраўдны сімвал беларускай сталіцы.
Аднак убачыць яе складана, праплысці немагчыма, а вось
хадзіць па ёй можна хоць кожны дзень. Гэта Няміга.
     Назва Няміга больш вядомая сёння па сучаснай
аднайменнай вуліцы ў Мінску. Вучоныя і дагэтуль спрачаюцца
пра тое, з якой ракой трэба звязваць пачатак летапіснага
Мінска – з Нямігай або з Менкай. Факт жа бітвы на Нямізе не
выклікае пярэчанняў, бо пацвярджаецца і ў Лаўрэнцьеўскім
летапісе, і ў «Слове пра паход Ігараў».
     Няміга, самая старажытная вуліца старадаўняга горада,
забудоўвалася ўздоўж ракі Нямігі. Даўным-даўно яна была
вымашчана драўляным насцілам, які шмат разоў насцілаўся
нанава, бо вуліца і рака знаходзіліся ў самым нізкім і
забалочаным месцы. Тагачасная Няміга нагадвала знакамітую
італьянскую Венецыю: драўляныя дамы цесна тоўпіліся на
самым беразе ракі. А сама яна цякла проста пасярэдзіне
вуліцы. Таму гараджан даймалі частыя затапленні і паводкі.
     У дзевятнаццатым стагоддзі на Нямізе збудавалі некалькі
вадзяных млыноў, перакрылі яе плацінай. Але рака не хацела
здавацца. Яе папаўнялі сцёкавыя воды, дажджы і ручаі. І тады
Няміга станавілася грознай і ваяўнічай. Паступова на раку
Нямігу наступалі новыя пабудовы, яе няшчадна засмечвалі.
Усё больш драбнела рака, паступова саступаючы напорыстасці
людзей. Урэшце яе вымусілі легчы ў бетонны калектар. Ніхто
з таго часу не чуе больш плёскату Нямігі. Сёння каля моста
праз Свіслач у Траецкім прадмесці можна бачыць, як точыцца
з бетоннай трубы струмень некалі слыннай, паўнаводнай і
вірлівай Нямігі. (254 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 156 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: