Падарунак

Падарунак
    Вавёрачку прынёс з лесу Іванаў бацька. Ён расказаў, як
лесарубы павалілі тоўстую асіну і раптам пачулі глухі галасок,
што ішоў з дрэва. Расшырылі сякерай вузкае дупло і дасталі
адтуль маленькае шэра-карычневае стварэнне з круглымі, як
зярняты, вочкамі і закручаным хвосцікам.
     Вавёрачка адразу ж стала свойскай: яна лёгка ішла на
рукі, брала з далоні семкі, арэшкі, хлеб. Іван часта браў
вавёрачку ў школу, і яна ціха сядзела ў кішэні яго пінжака,
высунуўшы чорны носік, ці спала там у цяпле.
За лета вавёрачка вырасла, поўсць яе распушылася, стала
бура-серабрыстая, бліскучая. А хвост нібы ўтульны шалік:
лягла і накрылася.
     Пад Іванавым акном расла разгалістая яблыня. Іван
расчыняў акно, і вавёрачка лёгка пераскоквала з падаконніка
на галінку, з галінкі – у яблыневы сад. Але варта было
хлопчыку ціхенька пасвістаць – і яна зноў прыбягала да акна.
     З часам вавёрачка пачала хавацца. Ніхто не ведаў яе
схованкі. Абшукалі ўвесь дом, але не знайшлі яе.
     Аднойчы маці Івана ўбачыла ў садзе ўжо дзвюх вавёрачак.
Яны гулялі, спрытна скакалі адна за адной, весяліліся. А праз
дзень вавёрачка дамоў не вярнулася. Іван пагараваў некалькі
дзён і змірыўся.
     Надышлі халады, і трэба было цёпла апранацца. Іван
успомніў пра новае зімовае паліто, што вісела за печчу. Сунуў
руку ў рукаў, а адтуль, як з мяшэчка, пасыпаліся арэхі,
цукеркі, сухарыкі.
     – Гэта вавёрачка зрабіла мне падарунак! – усклікнуў
хлопчык.
     Надзеў Іван паліто, павярнуўся перад маці. На спіне ў
паліто была прагрызена дзірка велічынёю з яблык. А ў рукаве
ляжалі вата, саломінкі, ніткі – сапраўднае ўтульнае гняздзечка.
Дык вось куды хавалася вавёрачка! (245 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 627 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: