Падарунак

Падарунак
      Клара называла яго «верным рыцарам з восьмага “В”».
Слава не прапускаў ніводнай Кларынай трэніроўкі.
Перакінуўшы свае і Кларыны канькі цераз плячо, ён праводзіў
Клару дадому. Яны крочылі па ціхім парку, ехалі ў тралейбусе,
а потым ішлі да яе дома.
      Амаль кожны дзень Клара прасіла Славу што-небудзь
зрабіць: чарцёж, дамашняе сачыненне. І Слава выконваў гэтыя
просьбы: сябры ж. Нават заносіў Кларын партфель дамоў, калі
яна ехала са школы ў горад.
      А дваццаць восьмага лютага ў Клары быў дзень
нараджэння. На яго яна нікога з аднакласнікаў не запрасіла,
але Слава вырашыў, што ён пойдзе, бо віншаваць з днём
нараджэння павінны прыходзіць самі сябры. На тое яны і
сябры.
      Падарунак для Клары Слава падрыхтаваў сам. Гэта быў
невялікі букецік жывых ландышаў. Каб падарыць ландышы
сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з зямлёю,
прывёз і трымаў у падвале, выносіў на холад, потым паліваў у
цёплым пакоі. І ландышы зацвілі, запахлі прыемна і тонка,
прынёсшы ў кватэру подых вясны. Яе, вясну, і падорыць Слава
сваёй сяброўцы. Гэта не каробка цукерак, няхай і шакаладных.
      Калі ён падышоў да кватэры Клары, адтуль чулася
музыка. Госці ўсе былі чужыя: Кларын трэнер, нейкія
незнаёмыя хлопцы і дзяўчаты, відаць, таксама спартсмены.
Клара, убачыўшы яго падарунак, усміхнулася і сказала, што
сёння ў яе ўжо шмат кветак. Яна пакруціла ў руцэ букецік і
аддала трэнеру. Той панюхаў букецік, а потым, не
падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую, як горла
гусака, вазу, што стаяла на падаконніку. А адзін з хлапцоў
сказаў: “Ландышы вясной пяць капеек за пучок”. У адказ усе
засмяяліся.
      Слава выйшаў у калідор. Апрануўся, азірнуўся і сустрэўся
вачыма з Кларай. Клара ўсміхнулася і памахала на развітанне
рукой.
      З двара ён зірнуў на акно і на падаконніку заўважыў тую
доўгую, як гусакова шыя, вазу. Там бялелі дробныя званочкі
яго ландышаў. Ландышы туліліся да шыбы, быццам прасіліся
на вуліцу.
      І Славу зрабілася шкада гэтых ландышаў. Хай бы яны
раслі ў лесе і цвілі ў маі. Навошта было прыносіць іх людзям,
якія не шануюць дружбу і за вясну плацяць толькі пяць
капеек. (336 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 96 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: