Падкідыш

Падкідыш
       Вясною, калі па лясных абшарах зялёным туманам
радасна і дружна ўспыхнулі маладыя лісточкі бяроз, над
урочышчам вавёркі Гарэзы часта стаў даносіцца звонкі голас
зязюлі.
       Таямнічыя былі гэтыя зязюлі. Тысячы разоў чула Гарэза
іх галасы, а пабачыць ніводнага разу не магла. Аднак сакрэт
зязюлі аказаўся не вельмі складаным. Раскрыла яго вавёрка
нечакана для сябе і пры даволі загадкавых абставінах.
       Гуляла Гарэза па хвойніку, радавалася сонцу і цяплу. Над
самай зямлёй прамільгнуў цень птушкі, якая села на маладую
бярэзіну.
       “Ку-ку! Ку-ку!” – раскрыўшы дзюбу, прамовіла птушка і
змоўкла. Гарэзу здзівіла, што зязюля робіць перапынак у
спевах, быццам адказ чакае. І дачакалася. З другога боку
палянкі данеслася звонкая дзіўная песня. Распачалася размова
птушак. Нарэшце, відаць, яны пра нешта дамовіліся. Зязюля
нырнула з галіны ўніз. Раптам з бярэзніку выслізнула парачка
драздоў. Зязюля – наўцёкі, дразды – следам.
       І тут з гушчару вылецела другая зязюля. Скрозь маладое
лісце Гарэза бачыла, як яна прымасцілася ў гняздо драздоў.
Пасядзела там хвілінку і гэтак жа ціхенька ўцякла.
       Дразды вярнуліся. Супакоіліся каля свайго гнязда.
       Напачатку лета вавёрка выпадкова зазірнула ў той
бярэзнік. Увагу яе прыцягнуў моцны крык птушанят. Асабліва
вылучаўся адзін гучны, басавіты голас. Зазірнула Гарэза з
вышыні ў гняздо. А там адно птушаня, значна большае за
астатніх, галосіць на ўсё наваколле. Раптам яно пачало
пасоўвацца да краю гнязда і выкідваць з яго свайго браціка.
Затым яшчэ і яшчэ.
       Прабягалі дні. Птушаня стала намнога большым за сваіх
бацькоў. Гарэза прыгледзелася і заўважыла, што яно вельмі
нагадвае зязюлю. У вавёрчынай галаве ўсплылі вясновыя
падзеі. Дыялог зязюль, пагоня драздоў, кароткі візіт шэрай
птушкі ў гэта гняздо. Дык гэта зязюля падкінула драздам сваё
яйка, а яны ні пра што не здагадваюцца, сумленна гадуюць
чужое дзіця!
       І выгадавалі. Маладая зязюля ўзнялася на крыло. Але
доўга яшчэ лётала за драздамі, адбірала лепшую здабычу. (287
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 153 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: