Падземны паляўнічы

Падземны паляўнічы
      Аднойчы бацька расказаў Мішу пра сабачак таксаў,
падземных паляўнічых, якія ідуць у лісіныя і барсуковыя норы.
      Мішу вельмі захацелася мець такога сабачку. I вось летам
знаёмы паляўнічы прывёз з горада Таксіка – так звалі сабачку.
Мішу Таксік спачатку не спадабаўся. Сабачка быў смешны
з выгляду: чорны, на кароценькіх крывых ножках. Але хутка
хлопчык прывык да Таксіка, ахвотна і падоўгу гуляў з ім.
      Аднойчы хлопчык вырашыў пайсці з Таксікам на рэчку.
Вясковыя хлапчукі, убачыўшы Мішу з Таксікам, абступілі іх.
Некаторыя насміхаліся, гаварылі, што Таксік непрыгожы.
      Мішка абараняў свайго сябра, казаў, што гэты падземны
паляўнічы ліс і барсукоў бярэ ў норах. I раптам Віктар
прапанаваў: “А калі б Таксіка павесці ў лес, дзе шмат лісіных
нор, бо лісіцы, панадзіліся вясковых курэй цягаць. Давайце
паганяем іх трохі. Паглядзім, на што Таксік здатны”.
      Міша згадзіўся. Назаўтра, узяўшы сабаку, хлапчукі
пайшлі ў лес. Спачатку Таксік неахвотна ішоў следам і нават
пачаў адставаць. Сядзе, пасядзіць, зробіць некалькі крокаў і
зноў сядзе. Але паводзіны Таксіка рэзка змяніліся, як толькі
яму трапіліся звярыныя сляды. Прынюхваючыся, сабачка бег
усё далей у лес.
      Нейкая трывога кальнула Мішу. Хлапчукі вы́разалі на
ўсякі выпадак добрыя кійкі. Таксік рупліва і старанна абнюхваў
сляды. Потым ірвануўся наперад і забрахаў. Хлапчукі кінуліся
ўслед за ім. Таксік стаяў над нарою, цела яго было наструнена,
пашча грозна ашчэрана. Навокал валяліся абгрызеныя косці і
пер’е. Хлапчукі адразу зразумелі, куды падзеліся вясковыя
куры.
      Таксік знік у нары. Адтуль даносіўся глухі брэх, потым ён
стаў чуваць усё цішэй і нарэшце змоўк. “Таксіка ліс задушыў”,
– праз слёзы прамармытаў Міша. “Трэба было нам рыдлёўку
ўзяць. Раскапалі б нару і дапамаглі Таксіку,” – з жалем
загаварыў Віктар.
      У лесе было ціха, толькі зверху далятаў глухі шум хвой і
ялін. Марудна цягнуліся хвіліны. Раптам з нары паказаўся
востры чорны хвосцік, потым заднія лапкі, якія моцна ўпіраліся
ў зямлю, і доўгая, выкачаная ў жоўты пясок спі́на Таксіка, а
затым галава рыжага ліса. Звер не варушыўся. Таксік моцна
трымаў яго і доўга не хацеў адпускаць, нібы баяўся, каб ліс не
ажыў. (325 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 129 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: