Паядынак

Паядынак
     Нідзе так звонка не чуваць спеў жаваранка, як у чыстым
полі. З высокага неба падае, льецца птушыны спеў, нібы
мноства срэбных званочкаў узняло сонца аж пад самыя
воблакі. Стаіш і чуеш, як пранікае птушыная песня ў сэрца,
напаўняе яго радасцю.
     Аднойчы ў поўдзень Васіль стаяў на ўзгорку і глядзеў у
неба, шукаючы ў блакітнай вышыні таго, хто заліваўся песняй.
Ён глядзеў угару, але ў залатым паднябессі заўважыў не
жаваранка, а каршуна. Каршун лунаў высока-высока, нібы
глядзеў адтуль на яго. Хлопчык зацікавіўся: каго ж ён
высочвае, куды кінецца? Васіль спачатку і не прыкмеціў, як ад
самай зямлі з песняй пачаў узнімацца яго жаваранак. Срэбны
званочак падымаў сваю песню ўсё вышэй і вышэй. Каршун
застыў на месцы. Заўважыўшы, што драпежнік не кранаецца,
Васіль насцярожыўся. Няўжо ён цэліцца на жаваранка?
Хлопчык глядзеў, затаіўшы дыханне.
     І хоць адлегласць была яшчэ вялікая, драпежнік не
вытрымаў, кінуўся ўніз. Ён, як маланка, рассек паветра. Потым
імклівы палёт пераламаўся. Драпежнік кінуўся ўбок. Вось ён
амаль прыпаў да зямлі. Раптам над зямлёю палёт яго
выраўняўся. Хлопчык аслупянеў, бо каршун ляцеў прама на
яго.
     І толькі калі драпежнік быў ужо зусім непадалёку, Васілёк
убачыў, як спераду ў яго ляціць, кідаецца ў бакі шэры камячок.
Ён аж уздрыгнуў, калі жаваранак шмыгнуў яму пад вопратку.
      Так хутка, смела і даверліва знайшла сабе птушка
схованку! Хлопчык спачатку нават не мог зразумець, як гэта
здарылася, і міжволі замахнуўся на драпежніка пугай. Ён і
цяпер яшчэ бачыць лютыя каршуновы вочы, разяўленую
дзюбу і растапыраныя кіпцюры і тое, як драпежнік неахвотна
ўздымаўся ўгору!
     А хлопчык стаяў радасны, узнагароджаны птушыным
даверам. (255 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 842 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: