Паясы беларускай

Паясы беларускай красы
     У сярэдзіне васямнаццатага стагоддзя князі Радзівілы
заснавалі ў горадзе Слуцку мануфактуру шаўковых паясоў. Па
іх запрашэнні сюды прыехалі на працу вопытныя ў ткацкай
справе майстры пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага. Спачатку
паясы ткаліся на ўзор персідскіх. Але большасць слуцкіх ткачоў
(працавалі на мануфактуры толькі мужчыны) была з
навакольных беларускіх вёсак. Яны шанавалі сваё рамяство,
цанілі прыгажосць роднай прыроды, таму выводзілі на паясах
замест персідскіх узораў родныя васількі. Прытым арнамент у
іх заўсёды меў шмат самых розных варыянтаў.
     Тут быў распрацаваны новы від пояса – слуцкі, назва
якога з гэтага часу стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых
паясоў. А ткаліся яны даўжынёю ад двух да чатырох з паловай
метраў, шырынёю да сарака сантыметраў з шаўковых, залатых
і сярэбраных нітак. Правы бок некаторых паясоў быў цалкам
затканы залатымі ніткамі, закрываючы шаўковую аснову. Яны
выглядалі металічнымі і таму называліся “літымі”. Насіць такія
паясы, што каштавалі нямала грошай, маглі толькі вельмі
багатыя людзі, магнаты і заможная шляхта.
     Слуцкая мануфактура дзейнічала ў Беларусі з сярэдзіны
васямнаццатага да сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя.
Шаўковыя паясы, аналагічныя слуцкім, вырабляліся таксама ў
іншых беларускіх гарадах – Гродне, Ружанах, Альбе пад
Нясвіжам.
     Слуцкія паясы з’яўляюцца бясцэнным скарбам
беларускага народнага мастацтва. Сёння іх можна ўбачыць не
толькі ў Беларусі, але і ў самых вядомых музеях свету.
     Беларусы ганарацца сваімі слуцкімі паясамі, бо тут, як
кажуць, сапраўды ёсць чым ганарыцца. Але, на вялікі жаль,
да нашых дзён захаваліся лічаныя адзінкі гэтых цудоўных
твораў ткацкага мастацтва. Таму сёння ў Беларусі адраджаецца
свой нацыянальны брэнд – вытворчасць слуцкіх паясоў. (242
словы).

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 356 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: