Паляванне

Паляванне
      Сем цыбатых жураўлёў хадзілі па зжатым хлебным полі.
Збіралі яны дробныя каменьчыкі і іншую спажыву, бо на балоце
ранняй вясною, як толькі сыдзе снег і вада залье ўсё, корму
небагата. Сяргею дужа хацелася сфатаграфаваць гэту чародку.
Трымаючы напагатове фотаапарат, хлопец па мокрай канаўцы
па-пластунску падпаўзаў да жураўлёў.
      Вядома, што жораў – вельмі асцярожная птушка, якая
нікога блізка не падпускае. Прапоўзшы крыху, Сяргей
прыўзняў галаву, каб глянуць, як паводзяць сябе птушкі.
Раптам хлопцу здалося, што з процілеглага боку да іх таксама
нехта падкрадаецца. Калі добра прыгледзеўся, дык убачыў,
што гэта воўк.
      Жураўлі спакойна хадзілі каля канаўкі. Сёй-той з іх
узнімаў галаву на тонкай доўгай шыі, глядзеў па баках і,
пераканаўшыся, што ніякая небяспека не пагражае, згінаўся і
збіраў каменьчыкі.
      Сяргей пільна сачыў за ваўком. Ужо нават і забыўся, дзеля
чаго поўз па канаўцы.
      А драпежнік усё бліжэй падпаўзаў да птушак. Калі які
жораў узнімаў галаву, воўк так моцна прыціскаўся да зямлі,
што Сяргей нават не мог адрозніць, дзе ржышча, а дзе воўк.
Адлегласць паміж ваўком і птушкамі паступова скарачалася.
Раптам жураўлі, адчуўшы небяспеку, узнялі галовы. І ў гэты
момант воўк ускочыў і кінуўся на птушак. Здавалася, зараз
здабыча будзе ў воўчых зубах. Але жураўлі зрабілі невялікую
разбежку, узмахнулі крыламі раз, другі, трэці і лёгка
адарваліся ад зямлі.
      Сяргей схапіў фотаапарат, каб узяць у кадр ваўка і
жураўлёў. Націснуў на кнопку, але не пачуў пстрычкі затвора.
Хлопец хуценька завёў фотаапарат, але было ўжо позна. Воўк
заўважыў чалавека і адразу падаўся ў бок лесу. А жураўлі,
зрабіўшы шырокі круг, узняліся высока ў неба. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 298 | Рейтинг: 4.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: