Партызанка Кніга

Партызанка Кніга
      Кніга – так звалі маладую гнядую кабылу таму, што на
лбе ў яе была белая плямка, як разгорнутая кніга. Была яна
кабыла разумная, аднак і нораў мела! Не ўпадабае каго – злосна
ржэ, становіцца на дыбкі. Затое якой паслухмянай рабілася
Кніга ў руках таго, хто ўмеў прылашчыць яе. Так з усяго атрада
ўпадабала Кніга партызанскую сувязную Таню. Сябравалі яны
шчыра і самааддана. Кніга ўмела, калі трэба было
замаскіравацца, легчы на зямлю і ляжаць нерухома. Не адзін
раз выносіла Кніга бясстрашную партызанку з-пад варожых
куль. Вось што здарылася з імі аднойчы.
      Лясной дарогай Таня вярталася верхам на Кнізе з баявога
задання. Стомленая бяссоннай ноччу, яна непрыкметна
задрамала. Разумная Кніга ведала ўсе партызанскія сцежкі. І
раптам Таня прачнулася ад таго, што Кніга раптам спынілася
і застыла на месцы як укопаная. Таня саскочыла з сядла на
зямлю і пайшла ў бок кустоў, куды глядзела кабыла. Раптам
да Тані даляцеў слабы чалавечы стогн. Ад нечаканасці яна
падалася назад. Стогн паўтарыўся. Слоў разабраць было нельга,
відаць, чалавек моцна аслабеў. Таня асцярожна падышла
бліжэй.
       На невялікай паляне дыміліся абломкі самалёта. Сярод
гэтых абломкаў ляжаў лётчык. Таня паспрабавала падняць
яго, але ён толькі працягла застагнаў і зноў асунуўся на зямлю.
І Таня папрасіла сваю верную Кнігу: "Кніжачка, родная,
дапамагай!" Кабыла прыслухоўвалася да Танінага голасу і
рабіла ўсё, што ёй загадвала гаспадыня: апусцілася на зямлю,
павярнулася спі́наю да лётчыка, прыўзняла галаву. Таня
прывязала да шыі кабылы рукі лётчыка. Потым кабыла
асцярожна ўстала і яны гэтак жа ціхенька рушылі ў атрад. (244
словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 257 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: