Пярун

Пярун
     Людзі здаўна верылі ў незвычайныя здольнасці бога
маланкі і грому Перуна. Яго прасілі, каб паслаў чаканы дождж,
каб не пабіў збажыны градам. Як толькі ранняй вясной Пярун
адмыкае сваім залатым ключом неба, з яго падае дождж і
сеецца раса.
     Пярун – ваяўнічы і грозны бог, справядлівы абаронца
пакрыўджаных. Росту ён невысокага, мае дужае цела, чорныя
валасы, залатую бараду, якая ганяе па свеце вецер. Пярун
ездзіць па небе на вогненнай калясніцы, запрэжанай
крылатымі рысакамі, пільна сочыць за парадкам у паднябессі і
на зямлі. У правай руцэ ён трымае велізарны лук, які нагадвае
рознакаляровую вясёлку. З аднаго боку вісіць мяшок з
вогненнымі стрэламі-маланкамі, з другога – скураная торба з
каменнымі сякерамі.
     Характар у Перуна запальчывы. Калі раззлуецца
барадаты велікан, пачынае кідаць на зямлю свае страшныя
сякеры. З аглушальным трэскам ляцяць яны, выкрасаюць
маланкі і іскры. Хмары праліваюцца тады дажджом. Сякера
ўрэжацца ў поле – зямля здрыганецца. Калі пашанцуе каму-
небудзь знайсці Перунову сякеру, то на ўсё жыццё шчаслівым
стане.
     Людзі баяліся ваяўнічасці Перуна, але і шанавалі яго.
Найперш за тое, што абараняў дабро і караў зло. Земляробы
заўсёды з нецярпеннем чакалі першага вясенняга грому, якім
Пярун адмыкаў зямлю. Пасля гэтага можна было пачынаць
працу ў полі. Існавала павер'е, што падчас першага грому варта
пакачацца па зямлі, каб не прыставалі ніякія хваробы.
     Сімвалам Перуна здаўна лічыўся конь, выяву якога людзі
выразалі на вокнах сваіх хат для засцярогі ад злога. Беларусы
называлі ў гонар Перуна розныя мясціны, якія дагэтуль
захаваліся на нашай зямлі: Перунова гара, Перунова поле,
Перыноў дуб, Пярун-камень. (243 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 214 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: