Помнік

Помнік
      Ігнат прачнуўся рана. Скрозь аконныя фіранкі прабіваліся
першыя сонечныя промні. Хлопец успомніў, што сёння Дзень
Перамогі. Вучні старшых класаў пойдуць на мітынг да помніка
невядомаму салдату ў вёсцы Грамкі.
      “І навошта прыдумалі гэтыя мітынгі? Пяць кіламетраў ісці
да той вёскі! Лепш паспаў бы яшчэ”, – абурана думаў хлопец.
Ён павярнуўся на другі бок і заплюшчыў вочы.
      У гэты момант у пакой зайшла мама і нагадала ўзяць з
сабой кветкі.
      “Навошта мне гэтыя кветкі?” – прабурчаў сын.
      Праз гадзіну хлопец разам з аднакласнікамі крочыў у
вёску Грамкі. Настаўнікі і школьнікі неслі букеты
рознакаляровых цюльпанаў, белых нарцысаў і іншых майскіх
кветак. Толькі Ігнат быў без букета. Але хлопец не надта
перажываў.
      Мітынг распачаў дырэктар школы. Ён расказаў пра
жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, колькі
пакут яна прынесла беларускаму народу. Людзі дзякавалі
ветэранам, якія прыйшлі да помніка, каб ушанаваць памяць
салдат, сяброў, аднавяскоўцаў, што загінулі ў гады вайны.
Вучні чыталі вершы, спявалі песні.
      Ігнат стаяў насупраць залітага сонечным святлом помніка
і ўглядаўся ў твар невядомага салдата. Гэта быў малады
мужчына ў ваенным абмундзіраванні з накінутым на плечы
плашчом. На мужным твары застыла лёгкая ўсмешка. Добрыя
вочы пазіралі кудысьці ўдалечыню. У адной руцэ салдат трымаў
пілотку, а другая напружана сціскала апушчаны аўтамат.
Мабыць, гэта азначала, што вайна ўжо скончылася, але, калі
спатрэбіцца абараняць Радзіму, салдат адважна кінецца ў бой.
      “Можа, гэтаму салдату было столькі ж гадоў, колькі цяпер
майму бацьку, – разважаў хлопец. – Можа, з вайны яго чакалі
дзеці і жонка, а ён не вярнуўся. Родныя нават не ведаюць, дзе
ён пахаваны”.
      Раптам Ігнату здалося, што салдат пазірае на яго з
дакорам. Да горла падступіў камяк. На душы зрабілася
прыкра. Хлопцу стала сорамна, што нават маленькую падзяку
– букет кветак – ён пакінуў дома. Ігнат пачырванеў.
      Пасля мітынгу ўсе вучні ўскладалі вянкі і букеты да
помніка невядомаму салдату. Ігнат апусціў галаву і адышоў
убок.
      Прыйшоўшы дадому, ён схапіў букет, нарваў яшчэ ў
агародзе кветак, сеў на веласіпед і памчаўся назад у Грамкі.
(316 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 1209 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: