Помнік у Трэптаў-парку

Помнік у Трэптаў-парку
      Салдат-пераможца стаіць на вечным узвышшы. У правай
руцэ – апушчаны меч, левай ён моцна прытуліў да сябе
маленькую дзяўчынку.
      Хто не ведае славутага помніка ў Трэптаў-парку ў Берліне!
      Гісторыя стварэння помніка такая.
      Да ўзяцця рэйхстага заставаліся лічаныя дні, але на
вуліцах горада ў асобных яго кварталах яшчэ ішла
перастрэлка, завязваліся зацятыя баі. На адным вулічным
скрыжаванні ў нейкую хвіліну заціхлага бою раптам пачуўся
прарэзлівы дзіцячы крык. Дзіця плакала даўно і зусім ужо
выбілася з сіл, бо цяпер чуліся толькі яго зняможаныя ўсхліпы.
      Запанавала незвычайная цішыня: малая русавалосая
дзяўчынка, яшчэ, пэўна, немаўля, сядзела на каменным бруку,
выціраючы кулачком вочы, і цяпер не толькі ўсхліпы, а і яе
спалоханае птушынае дыханне можна было пачуць і па адзін,
і па другі бок вуліцы.
      Збянтэжаныя незвычайнасцю сітуацыі, абодва бакі
прыціхлі. І невядома, колькі б цягнулася трывожная, нацятая
цішыня, каб на брук не выпаўз савецкі сяржант. Сяржант
падпоўз да сярэдзіны вуліцы, прытуліў да сябе прыціхлае дзіця
і, калі ўжо адпоўз назад да самага бруствера сваёй траншэі,
толькі хацеў падняцца, як тут жа і ўпаў, падстрэлены
фашысцкім снайперам…
      Паміраў ён у той дзень, калі над рэйхстагам узвіўся сцяг
Перамогі. Паміраючы, ён папрасіў перадаць прывітанне
рабочым радыёзавода ад Трыфана Лук’яновіча. Больш у яго
нікога не засталося: ад першай бомбы, скінутай фашыстамі на
Мінск, загінула двое яго дзяцей і жонка. Не засталося недалёка
ад Мінска ні роднай вёскі, дзе жылі бацькі, ні саміх бацькоў.
Толькі рабочыя завода і засталіся яму і за сваякоў, і за родных.
      У Берліне ёсць памятная пліта, якой пазначана месца, дзе
Лук’яновіч уратаваў дзяўчынку.
      Скульптар Вучэціч, узрушаны гісторыяй подзвігу
Лук’яновіча, з цікавасцю распытваў усіх, хто ведаў сяржанта,
па крупінцы збіраў аб ім падрабязныя звесткі, якіх, на жаль,
аказалася вельмі мала.
      Салдат, што стаіць на вечным узвышшы, прытуліўшы да
сябе малую дзяўчынку, а разам з ім мільёны тых, хто перамог
смерць, перадалі нам, людзям, самае дарагое і запаветнае –
калыску жыцця на зямлі.
      Уратаваць будучыню ў калысцы, устаяць перад сусветнай
катастрофай чалавецтва зможа, з’яднаўшыся ў агульнай
трывозе за лёс дзяцей, за іх шчасце. (329 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 50 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: