Пра Чорную Даму

Пра Чорную Даму
     Князі Радзівілы, што валодалі Нясвіжскім замкам,
належалі да вельмі старажытнага і знатнага роду. Многа
пакаленняў гэтага роду каля пяцісот гадоў былі ўладарамі
шматлікіх маёнткаў на Беларусі. Тое, што расказваюць,
адбылося ў ХVІ стагоддзі.
     Князёўна Барбара Радзівіл – сястра грознага князя
Мікалая Чорнага – рана выйшла замуж, але ўжо ў дваццаць
два гады аўдавела. Муж яе быў забіты на вайне. Маладая
княгіня жыла ў Вільні. Барбара была вельмі прыгожай,
разумнай і адукаванай жанчынай. У той самы час у Вільні жыў
княжыч, пляменнік вялікага князя Літоўскага – Жыгімонт.
Аднойчы юнак убачыў Барбару і закахаўся ў яе. Яны пачалі
таемна сустракацца. Малады княжыч з’яўляўся спадчыннікам
вялікага князя. Барбара была старэйшая за юнака на тры-
чатыры гады. Можа, яна таксама шчыра кахала яго. А можа,
разумная і хітрая княгіня проста хацела стаць жонкай будачага
караля.
     І вось аднойчы, калі закаханы пералез праз высокую
каменную сцяну ў сад да сваёй любай, яго схапілі. Ён мусіў
ажаніцца з княгіняй, іх таемна абвянчалі ў Вільні. Праз нейкі
час Жыгімонт стаў польскім каралём Зыгмундам Аўгустам ІІ.
Але польскі сейм і духавенства не хацелі прызнаваць Барбару
Радзівіл каралевай. Аднак кароль дабіўся свайго, і яго жонка
стала прызнанай каралевай. Праз год пасля каранацыі яна
памерла. Яе атруцілі. Пасля смерці Барбары кароль вельмі
засумаў і перастаў цікавіцца дзяржаўнымі справамі. Жаніцца ён
больш не хацеў, бо моцна кахаў Барбару. Прыдворныя запрасілі
з Англіі чарнакніжніка, каб той вызваў дух Барбары, які
загадаў бы каралю ажаніцца. І вось аднойчы ў цёмную залу, дзе
сядзелі кароль і яго світа, увайшла дама, апранутая ва ўсё
чорнае. Кароль кінуўся да яе і хацеў абняць, але адразу пачуўся
выбух…
     Гавораць, што дух Барбары ў вобразе Чорнай Дамы з той
пары пасяліўся ў Нясвіжскім замку. Апоўначы ў замку
з’яўляецца Чорная Дама. Гавораць, што яна аберагае
закаханых. Таму ў народзе існуе павер’е: на каго Чорная Дама
паглядзіць, таму выпадзе шчасце. (299 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 77 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: