Прыгажуня

Прыгажуня
      Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы
маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў
Куранях не зауважыў, калі i хто пасадзіў яе. Не бачылі як трэба
яе i тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкую
празрыста-зялёную сукенку з кволых, розных лісточкаў. Дні за
днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсix, хто
праходзіў міма, – сціплая, непрыкметная, за нязграбным
плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не звяртаў на яе ўвагі,
мылі, песцілі яе толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець
маладым лісцем вятры. Людзі ж яе не заўважалі, спачатку
таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што
непрыкметна прывыклі.
      I неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у
жнівеньскім росквіце рабіна заружавела яркім хараством,
гарачым полымем агністых гронак. I не адны вочы, не
абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства,
глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»
      Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца,
учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце – у самай
красе дзяўчына. Калі толькі вырасла?
      Той, каму быў час i ахвота прыглядацца, хто ведаў Ганну,
заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Яна
хадзіла стрымана i паважна. Нават смяялася цяпер яна інакш,
— смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім як
бы штосьці таілася. Як i раней, не было, здавалася, такой
хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя
вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла
неўціханае хваляванне. Іншы раз маглі яны, як іраней, бліснуць
і весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер і
насмешка. У цудоўных вішнёва-чорных вачах дзяўчыны нешта
таілася.
      Амаль усе аднавяскоўцы заўважылі, што, набыўшы
паважнасці, Ганна разам з тым стала i больш неспакойнай –
аж залішне задзірыстай. Нікому ў Куранях не даспадобы была
i яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна,
здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае меркаванні, свой
цвёрды погляд. (304 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 55 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: