Прыроднае каралеўства
Калі вы завітаеце ў Гродна цягніком, то недалёка ад
чыгуначнага вакзала вас чакае прыроднае каралеўства –
заапарк. На яго тэрыторыі плошчай у пяць гектараў сёння
жыве больш за тры тысячы насельнікаў.
Тут можна сустрэць “герояў” шматлікіх казак і
тэлефільмаў. Мы ўсе добра ведаем казачнага кракадзіла Гену, а
гродзенскага алігатара завуць Робін. Гэты доўгажыхар вартуе
мясцовы вадаём больш за пяцьдзясят гадоў.
За крбтамі сядзіць ліса-рыжуха. Праўда, вочы яе крыху
сумныя: няма той прасторы, дзе б яна магла сустрэць Калабка,
перахітрыць даверлівага дзеда-рыбака, збегаць на паляванне да
мышыных норак.
Па вальеры мітусяцца два шэрыя ваўкі. Яны тут навасёлы
і ніяк не могуць зразумець, чаму іх не баяцца нават малыя
дзеці.
Пра шматлікіх жыхароў гродзенскага прыроднага
каралеўства можна сказаць, што яны самыя-самыя. Тут добра
сябе адчуваюць адзін з самых рэдкіх персідскіх леапардаў, адзін
з самых прыгожых амурскіх тыграў, адзін з самых вялікіх
бурых мядзведзяў, адна з самых ядавітых кобраў, адзін з самых
гаваркіх афрыканскіх папугаяў жако. Калі ў вас ёсць вольны
час, паназірайце за вярблюдамі, ламай, малпамі, афрыканскай
антылопай, снежным барсам, чорным насарогам.
Гэта чароўнае каралеўства задумаў і распачаў у 1927 годзе
настаўнік мужчынскай гімназіі Ян Каханоўскі. Ён вёў урокі
прыродазнаўства і разам з вучнямі закладваў заапарк, які
цяпер у Беларусі з’яўляецца самым буйным і самым старым.
На тэрыторыі Гродзенскага заапарка і цяпер будуюцца
новыя вальеры, займальныя атракцыёны. Рыхтуюцца
наваселлі для чарговых пасяленцаў, цікавыя забавы для
наведвальнікаў. А гэта азначае, што заапарк з гада́мі маладзее,
становіцца ўсё больш папулярным месцам адпачынку гараджан
і гасцей Гродна. (243 словы) |