Рабіць дабро

Рабіць дабро
     За сваю творчую кар’еру народная артыстка Беларусі і
Савецкага Саюза Галіна Кліменцьеўна Макарава сыграла сотні
роляў. Пераважная большасць яе гераінь – простыя жанчыны.
Кожная з іх ва ўвасабленні Галіны Кліменцьеўны мае
непаўторны вобраз і сваю адметнасць.
     Аднак і ў жыцці народная артыстка была даволі
неардынарнай асобай. У яе было абвостранае пачуццё абавязку
перад простымі людзьмі. Яна была з таго ж асяроддзя і
адчувала віну за тое, што ёй жылося лепш. У доме народнай
артысткі быў сапраўдны прытулак. У заднім пакоі жылі
цыркачы-гастралёры. Аднаго з іх паралізавала, і Галіна
Кліменцьеўна даглядала яго як уласнага сына. Цыркач жыў у
народнай артысткі, пакуль за ім не прыехалі сваякі.
     Было ў Галіны Макаравай і некалькі захапленняў. Яна
любіла кнігі, асабліва гістарычныя раманы, сабрала добрую
бібліятэку. Любіла вышываць. Практыкавалася ў вышыванні
намаляваных мужам карцін. Тыя вышыванкі нічым не
саступаюць арыгіналам.
     А больш за ўсё Галіна Кліменцьеўна любіла працаваць на
зямлі. Яна нават неяк пажартавала, што калі б не стала
артысткай, то дакладна стала б старшынёй калгаса.
    Мала хто ведае, што ў свой час Галіна Макарава
падтрымлівала шэфства над кветнікамі на плошчы Перамогі ў
Мінску. Яна жыла ў доме побач і разам са сваім суседам,
таксама аматарам-кветкаводам, даглядала высаджаныя на
клумбах кветкі. Здаралася, што і дзяжурылі па начах, каб
кветкі не зразалі. Адзін год народную артыстку і яе суседа
нават прызналі пераможцамі гарадскога конкурсу па
азеляненні і ўзнагародзілі грашовай прэміяй.
    Асаблівым гонарам народнай артысткі былі эдэльвейсы –
кветкі, якія растуць у горнай мясцовасці. Галіна Кліменцьеўна
сваім працалюбствам і любоўю змагла іх прыстасаваць да
беларускіх рэалій і вельмі ганарылася гэтым.
     Рукамі Галіны Макаравай на плошчы Перамогі таксама
было пасаджана шмат дрэў і кустоў. Усё сваё жыццё яна
спяшалася рабіць дабро. (274 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 246 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: