Рабіна

Рабіна
     Андрэй з самага дзяцінства марыў пасадзіць якое-небудзь
дрэўца. Але такая мара многім была незразумелая, бо яго вёска
знаходзіцца сярод лесу.
     І ўсё ж перад самай арміяй ён пасадзіў рабіну. Выбраў
месца ў самым глухім кутку за дрывотняю. Калі Андрэй
вярнуўся з войска, то ўбачыў, што яго рабіна не стройнае
дрэўца, а хваравіты дубец. Андрэй выраўняў яго і прывязаў
мяккай вяровачкай да плота.
     Рабінка расла, але ёй ўсё ж нечага не хапала. Лісцікі былі
рэдкія, маленькія і рана пачыналі жаўцець і асыпацца. Пладоў
рабінка не давала, на ёй з’яўляліся нейкія дробныя ссохлыя
зялёныя шарыкі, якія асыпаліся разам з лісцем.
     Аднойчы, прыехаўшы чарговы раз у вёску, Андрэй не
ўбачыў каля дрывотні знаёмых галін з рэдкімі лісцікамі.
Вывернутае дрэва сіратліва ляжала на зямлі. Маці сказала, што
нядаўна быў страшэнны буран, які паваліў плот. Ён упаў на
рабінку і вывернуў яе з зямлі. Плот паправілі, а дрэўца не
чапалі.
     У канцы лета хлопец зноў наведаўся ў вёску. Падаўся да
дрывотні і ахнуў. Рабіна ляжала на зямлі, але была ўся
абсыпаная гронкамі буйных чырвоных ягад. Яна ляжала і
свяцілася затоеным гонарам, што выжыла, што змагла даць
багаты плод, і глядзела на Андрэя з лёгкім дакорам: чаму не
паверыў ёй?
     Ён паглыбіў рыдлёўкай старую яму, паклаў гліны, гною.
Падняў сваё дрэва, падвязаў і паліў.
     І цяпер ён чамусьці ўпэўнены, што рабіна выжыве,
прымецца і будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ведаць, што
ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, каму яна патрэбна. Чалавек,
які хоць зрэдку ўспамінае і клапоціцца пра яе, для каго ёй
варта жыць. (251 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 950 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: