Разумны сабака

Разумны сабака
      Стаяла зіма сорак трэцяга года. Людзі снавалі па вуліцах
з адзіным клопатам – дзе ўзяць кавалак хлеба, жменю круп
або некалькі бульбін, каб паесці, накарміць дзяцей.
      Сэрцам горада быў базар. Белы шпіц бегаў тут з самай
раніцы. На шыі ў яго быў ашыйнік. Значыць, сабака меў
гаспадара, але дзе ён цяпер? Гэта і трывожыла сабаку. Ён бегаў
між людзей, садзіўся, задзіраў галаву, павіскваў, але ніхто не
звяртаў на яго ўвагі. Нарэшце шпіц стаміўся, выбег з натоўпу,
сеў на купку сена каля стала, паклаў перад сабой лапы.
      У гэты час да стала падкацілася тачка, і кабета зняла з
тачкі вялікую каструлю. Яна ўзяла відэлец і закрычала гучным
голасам:
      – Дранікі, дранікі, гарачыя дранікі!
      Бразнула каструля. Сабака падняўся, навастрыў вушы. Ён
бачыў, як відэлец напароў некалькі аладак, як пацягнулася да
аладак рука, як заварушыліся сківіцы чалавека. У сабакі з
языка закапала сліна. Ён падышоў да чалавека, завіляў
хвастом, просячы пачастунку. Але чалавек адводзіў ад яго
позірк, еў, спяшаўся, і скора рукі яго апусцелі. Сабака адышоў
убок.
      І раптам сабака завурчаў, натапырыўся, яго лагодныя
вочы загарэліся злосцю, ашчэрылася зяпа. Паўз яго прасунуўся
немец. Шпіц ускочыў і моцна забрахаў. Немец скасіў на яго
вока, шморгнуў носам, а шпіц нібыта азвярэў, пачаў кідацца на
немца. Немец выйшаў за вароты базару, а сабака яшчэ доўга
брахаў яму ўслед. А калі крыху супакоіўся, пачуў за сабой
незнаёмы голас:
      – Цюцька, цюцька, на.
      І пляснуўся на снег перад ім кавалак аладкі.
      І той жа голас сказаў:
      – Які разумны сабака. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 319 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: