Сачыненне

Сачыненне
      Учарашні вучань, а цяпер навучэнец політэхнікума
Валодзя Вяргейчык сядзеў за партай і глядзеў на доўгія рады
лічбаў, іксоў, ігрэкаў, якія, старанна выпісваў на дошцы
выкладчык матэматыкі.
      “Як гэта людзі могуць захапляцца сухімі бяздушнымі
лічбамі? ” – здзіўляўся Вяргейчык.
      Амаль увесь урок у яго было адчуванне, што выкладчык
стараецца даказаць ім, што ўмець абыходзіцца з лічбамі –
найвялікшая асалода.
      Так Вяргейчык прасядзеў да канца ўрока, разам са
званком сарваўся з месца і выскачыў на калідор. Ён спусціўся
ўніз і выйшаў на двор.
      – Здароў! – нехта крануў Вяргейчыка за рукаў.
      Гэта быў невысокі белабрысы юнак, які вучыўся ў другой
групе. Прозвішча яго было Жменька. Вяргейчык моцна
паціснуў руку земляка і ўздыхнуў:
      – Фізіка ў вас?
      Жменька кіўнуў галавой. Прыжмурыўшы вочы, ён
паглядзеў на таполі, а потым прыслухаўся да гулу на шашы.
      – Грыбоў зараз поўны лес, – ажывіўся ён раптам. – Я іх
так спрытна бяру – каб хто толькі ведаў.
      Вяргейчык не паспеў адказаць, бо празвінеў званок, трэба
было спяшацца.
      Калі хлопец прыбег у аўдыторыю, яго чакала прыемная
навіна: замест урока матэматыкі будзе літаратура.
      – Здорава як! – ляпнуў узрадаваны Вяргейчык па плячы
свайго суседа па парце, Смолера.
      Ён недагаварыў, бо ў аўдыторыю ўвайшла выкладчыца
літаратуры Клара Іванаўна.
      – Добры дзень, сядайце, – павіталася ціхім голасам
настаўніца. Клара Іванаўна села за стол і прамовіла:
      – Дзяжурны, раздайце, калі ласка.
      Яна падсунула на край стала стос сшыткаў, разгарнула
журнал і схілілася на ім.
Дзяжурны быў якраз Смолер. Калі ён разнёс сачыненні па
партах і разгарнуў сваё, твар яго спахмурнеў. Ён штурхнуў
Вяргейчыка локцем у бок:
      – Глядзі!
      У сшытку стаяла двойка, а ўнізе было напісана:
“Спісана!”
      – Усё, праляцела стыпендыя, – падвёў ён вынік. –
Давай лепш тваё паглядзім, – прашаптаў ён ужо зусім спакойна
Вяргейчыку.
      Але Вяргейчык не спяшаўся і толькі пагладжваў пальцамі
па вокладцы сшытка, адчуваючы хваляванне.
      – Давай, не бойся, – падбадзёрыў Смолер.
      Вяргейчык хутка разгарнуў сшытак і ўбачыў пад роўнымі
радкамі свайго сачынення якраз гэтакі, як у Смолера подпіс і
адзнаку – адзінку. У ім варухнулася невыразнае адчуванне,
што не толькі стыпендыю ён можа страціць, але што так і не
зможа нікому даказаць, што пісаў ён сам. (329 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 43 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: