Сарока-белабока

Сарока-белабока
      Аднойчы Язэп ішоў густым ельнікам. Адчуўшы стому,
выбраў шырокі пень і сеў. Побач тарабанілі дзве сарокі. Калі ён
падняўся і зрабіў некалькі крокаў, сарокі яшчэ больш
закрычалі. Гэта азначала трывогу: чалавек блізка. Цэлую
гадзіну круціўся чалавек па ельніку: адшукаць гняздо сарокі
цяжка. Але ён ўсё-такі знайшоў яго, злавіў маладую сароку і
пасадзіў у сетку. Меў намер падарыць яе мясцовай школе для
кутка прыроды.
      Пляменніца Аленка адразу ж ухапілася за сароку.
Сказала, што навучыць яе гаварыць. Язэп растлумачыў
Аленцы, што з сарокай трэба доўга і настойліва займацца. Ды
Аленка не адступілася і ўгаварыла аддаць ёй сароку.
      Птушка аказалася рахманая. Калі дзяўчынка прыходзіла
са школы, сарока падскоквала, узмахвала крыламі і прасіла
есці. Потым садзілася Аленцы на плячо і задаволена ківала
сваім доўгім хвастом. Вучоба сарокі вялася так. Аленка садзіла
птушку перад сабой і паўтарала: "Сарока-белабока па свеце
лятала, навіны збірала..." Птушка пазірала на дзяўчынку і
шчоўкала дзюбай. Так працягвалася гадзіну, а потым птушцы
надакучвалі заняткі і яна вылятала з хаты ў сад. "Някемлівая
птушка, неразумная!" – казала Аленка.
      З кожным днём сарока рабілася заўзятай зладзейкай. Яе
вабілі бліскучыя рэчы: яна крала чайныя лыжкі, нажніцы,
гузікі, завушніцы. Аднойчы прапаў наручны гадзіннік. Маці
загадала Аленцы аднесці сароку ў лес. Дзяўчынцы было шкада
птушкі, але не паслухацца маці Аленка не магла. Яна занесла
сароку ў лес і выпусціла: "Ляці, дурніца!"
      Калі Аленка прыйшла дадому, на калодзежы сядзела
сарока. Птушка выцягнула шыю і картава
пракрычала:"Дурніца, дурніца!" Потым узнялася і паляцела ў
лес. Аленка падумала, што гаварыла пра сароку нядобра, усё
ж яна разумная птушка. (248 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 126 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: