Шахматы далёкіх продкаў

Шахматы далёкіх продкаў
     На Беларусі шахматы вядомы з адзінаццатага стагоддзя.
У час раскопак старажытнага гарадзішча ў Мінску археолагі
знайшлі самаробныя шахматныя фігуркі, выразаныя з
драўніны. Падобныя фігуркі былі знойдзены яшчэ ў пятнаццаці
гарадах Беларусі: у Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне,
Мсціслаўі, Навагрудку, Полацку, Рагачове, Слоніме, Тураве і
іншых. Геаграфія знаходак сведчыць аб раннім
распаўсюджванні шахмат па ўсёй тэрыторыі нашага краю.
     Беларуская калекцыя шахмат дванаццатага-
трынаццатага стагоддзяў складаецца больш як з трыццаці
фігурак, якія былі знойдзены падчас раскопак у розных
гарадах. Пераважная большасць гэтых фігурак выразана або
вытачана майстрамі з костак і рагоў. Ёсць драўляныя фігуркі і
каменныя, і толькі адна ладдзя зроблена з пакуль што
нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі
прожылкамі. Першыя шахматы на Беларусі мелі абстрактную
форму, вобразна не звязаную з лексічным значэннем назвы.
     Шахматныя фігуры данеслі да нас рэальныя выявы
матэрыяльных прадметаў і абліччы людзей. Ладдзя была
зроблена ў выглядзе баявога судна з надшытымі дошкамі
бартамі і накрытым верхам. Кароль прадстаўлены
скульптурнай мініяцюрай радавітага князя з невядомым
прадметам у правай руцэ, які нагадвае зброю або скіпетр.
Фігурка ферзя выглядала так: на круглай падстаўцы сядзіць з
падкручанымі пад сябе нагамі мужчына сталага веку са
скрыжаванымі на грудзях рукамі, на галаве ў яго шлем. Так
можа сядзець толькі ўпэўнены ў сваіх сілах, спрактыкаваны і
абачлівы военачальнік, які ўважліва сочыць за полем бітвы.
Пешка была зроблена ў выглядзе фігуркі барабаншчыка з
бубнам цераз плячо.
     Вырабы шахматных фігур старажытных майстроў можна
прымаць за адну з дакладных крыніц вывучэння
матэрыяльнай культуры і мастацтва нашых далёкіх продкаў.
(242 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 119 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: