Шэрая шыйка

Шэрая шыйка
     Увесь дзень ішоў густы, як мука, снег. Андрэй сядзеў на
дачы і глядзеў, як прыліпаюць да шыб зорачкі-сняжынкі. Яны
ператвараліся ў празрыстыя кропелькі, злучаліся адна з адной
і спаўзалі па акне танюсенькімі струменьчыкамі.
      Нечакана ў акно моцна стукнулася галка і імгненна знікла
з вачэй. Андрэй хуценька падняўся, выйшаў на двор. Галка,
адкінуўшы галоўку, ляжала пад акном на снезе. Яна глядзела
на чалавека вочкамі-гарошынкамі і час ад часу трапятала
ножкай, з кіпцікаў якой сачыліся кропелькі крыві.
      Андрэй ступіў да птушкі, але яна нават не варухнулася.
Асцярожна, каб не патрывожыць хворую ножку птушкі,
хлопец падняў галку са снегу і прынёс у пакой. Там прамыў
кіпцікі лёгкім растворам ёду і забінтаваў ножку. Потым парэзаў
на маленькія кавалачкі мяса, паклаў іх у сподачак і пачаў
карміць галку. Але Шэрая шыйка (так Андрэй назваў сваю
новую знаёмую) на сподачак з мясам нават не глянула. Тады
Андрэй адзін кавалачак мяса паклаў у птушыную дзюбку, але
нічога не атрымалася. Хлопец пакінуў хворую птушку на
крэсле, пагладзіў яе па галоўцы, сподачак паставіў побач, а сам
на двор падаўся.
     Пакуль склаў дровы, пачало шарэць. Андрэй вярнуўся ў
пакой, запаліў святло. Глянуў на крэсла, куды паклаў Шэрую
шыйку, і заўсміхаўся. Галка вочкі-гарошынкі заплюшчыла,
спіць, а ў сподачку няма ніводнага кавалачка мяса.
     Калі скончылася мяса, Андрэй карміў Шэрую шыйку
хлебам. Апетыт у птушкі быў такі, што пазайздросціць можна.
     Праз месяц ножка ў Шэрай шыйкі паправілася. А яшчэ
праз нейкі час, калі шчодра засвяціла сонейка і заплакалі
ледзяшы, галка занепакоілася, пачала стукацца ў шыбу. “Свой
час – ягадзе, свой час – баравічку. Вось гэты самы час і Шэрай
шыйцы наступіў, – падумаў Андрэй. – У канцы красавіка галкі
ўжо яечкі пачынаюць несці”.
     Хлопец адчыніў фортку і выпусціў птушку на волю. (276
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 225 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: