Шпачок
У той дзень бушавала навальніца. Калі Валерык выйшаў
з хаты, то ўбачыў у садзе паваленую ветрам жэрдку са
шпакоўняй. А побач сядзеў малады шпачок, які, відаць, не ўмеў
яшчэ добра лятаць. Валерык накрыў шпачка шапкай,
асцярожна ўзяў яго, занёс у хату і пасадзіў у клетку.
Міналі тыдні, месяцы. Шпачок вырас. Ён не любіў сядзець
у клетцы і лятаў па хаце, дзяўбаў у вазонах зямлю, купаўся ў
талерцы з цёплай вадой. Да купання птах ставіўся надзвычай
сур'ёзна. Спачатку ён падыходзіў да талеркі і нібы правяраў
дзюбай тэмпературу вады. Потым перш за ўсё мыў галаву, а
пасля ўжо забіраўся ў талерку з нагамі, падхопліваў крыламі
ваду і абліваў спі́ну. Нарэшце садзіўся і растапырваў усе
пярынкі. Пры гэтым шпачок ніколі не забываўся асцярожна
аглядацца.
Шпачка дома ўсе любілі і песцілі. Толькі вось кот Яша
выкліка́ў трывогу. Спачатку кот толькі паглядаў на шпачка. А
неяк пад вечар Валерык, зрабіўшы ўрокі, выйшаў у пярэднюю,
дзе вісела клетка, і ўбачыў, што кот вось-вось скочыць на
клетку. Баючыся за жыццё шпачка, Валерык перанёс клетку
на чыстую палавіну хаты і павесіў яе высока на сцяне, каб Яша
не дастаў.
А аднойчы хлапчук пачуў валтузню, піск. Валерык
кінуўся да дзвярэй. Яша вісеў, учапіўшыся пярэднімі лапамі за
клетку, а шпачок скакаў на адным месцы, злосна ціцінькаў і
дзёўб ката ў нос. Яша ад болю мяўкаў, а калі ўбачыў Валерыка,
грымнуўся на падлогу і шмыгнуў між ног за дзверы. Шпачок
бегаў па клетцы і пераможна крычаў.
А аднойчы ў школе раптам хлопчык нібы ўвачавідкі
ўбачыў, як кот ускочыў на клетку, прасоўвае праз пруты
лапу... Дадому хлопец бег не чуючы пад сабою ног. Так і ёсць...
У клетцы дзверцы не зачынены, шпачка няма. Хлопчык выбег
на кухню.
У кутку каля печы з Яшавага сподка, у якім была
размочана булка, шпачок, не спяшаючыся, дзяўбаў крошкі.
Дзеўбане, паглядзіць, зноў дзеўбане. А недалёка ад шпачка
сядзеў Яша і сумна паглядаў, як частуецца няпрошаны госць.
Валерык узяў пакрыўджанага ката пад пушысты жывот і
вынес з кухні. Яму нават стала крыху шкада Яшу. (327 слоў) |