Шпакі

Шпакі
     Калі запытаць жыхароў нашай краіны, з якой птушкай
яны звязваюць надыход вясны, пэўна, большасць з іх адкажа:
“Са шпаком”. Так і ёсць. Шпак – адна з першых сярод
пералётных птушак, якія вяртаюцца пасля зімы на радзіму.
Яшчэ паўсюль ляжыць снег, толькі-толькі з’яўляюцца першыя
праталіны, як аднойчы раніцай, зірнуўшы ў акно, заўважаеш
чорную, з бліскучым металічным адлівам птушку.
Уладкаваўшыся на суседнім дрэве, шырока адкрываючы дзюбу
і старанна трапечучы крылцамі, выводзіць яна сваю песню,
чутную нават праз двайную шыбу. Бывае гэта звычайна ў
канцы сакавіка. І ўслед за шпакамі, якія адкрылі веснавую
эстафету, пачынаюць прылятаць іншыя птушкі.
     Шпакі могуць сяліцца не толькі ў гарадах і вёсках, але і ў
лясах, гняздуючыся ў старых дуплістых дрэвах. З усіх птушак
яны найбольш ахвотна займаюць штучныя гнездавыя домікі,
якія ў нашых вёсках і на дачных участках вісяць ледзь не каля
кожнай хаты.
     На жаль, тэрмін, на працягу якога шпакі радуюць нас
сваімі спевамі, даволі кароткі. Заняўшы шпакоўню, самец
некалькі дзён актыўна спявае, і нарэшце на ўчастку з’яўляецца
самка, для якой і выконваліся ўсе гэтыя канцэрты.
     Пасля пабудовы гнязда самка пачынае выседжваць яйкі.
Самец жа ўвесь час на суседніх палях шукае корм для сябе і
сваёй сяброўкі. Спявае ён у гэты час толькі раніцай і ўвечары.
     Неўзабаве з’яўляюцца птушаняты, і тады дарослым
птушкам становіцца ўвогуле не да спеваў. Цяпер ужо яны
ўдваіх з вечара да раніцы здабываюць корм для сваіх
пражэрлівых птушанят. З’явіўшыся каля гнязда, бацькі
стараюцца хуценька і незаўважна шмыгануць у шпакоўню,
запіхнуць у адну з шырока разяўленых дзюб чарвяка і зноў
ляцець за чарговай порцыяй шпачыных далікатэсаў. Усё гэта
працягваецца крыху больш за месяц. Пасля дарослыя птушкі
разам з падрослымі птушанятамі збіраюцца ў чароды і
пакідаюць нашы сады. Вяртаюцца яны толькі ў канцы ліпеня,
каб “дапамагчы” садаводам сабраць ураджай чарэшань і
вішань. (288 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 103 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: