Сімвалы жыцця

Сімвалы жыцця
     Дарога была няблізкая. З акна машыны Васіль любаваўся
аб’інелымі дрэвамі на вуліцах, старымі садамі, новымі дамамі.
У кожнай вёсцы сярод новых цагляных дамоў чарнелі пахілыя
старыя хаткі з забітымі вокнамі.
– Няўжо ў гэтых хатках няма жывой душы? – запытаўся
Васіль.
     – Можа, і няма. Старыя паўміралі, а маладыя пакінулі
наседжаныя месцы, паехалі, хто працаваць, а хто лягчэйшага
хлеба шукаць, – разважаў вадзіцель.
     Васіль падумаў, што, напэўна, ёсць і іншыя прычыны,
чаму людзі пакідаюць родную зямлю. А яна ж без чалавека,
без яго рук – нічога не значыць. Яна таксама памірае. Людзі
ствараюць вёскі, у вёсках нараджаюцца дзеці, унукі. Дык
няўжо наступіць час, калі з вясковых комінаў не ўзаўецца лёгкі
дымок, на падворках не будуць кукарэкаць галасістыя пеўні, а
вясковыя сады адзічэюць?
    Васіль разважаў так і раптам спыніўся на думцы, што
раней яго гэта не турбавала: ён вучыўся як вучыўся, жыў як
жыў. Працу ён паважаў, не баяўся набіць на руках мазалі. Але
ніколі не думаў, што ў жыцці столькі супярэчнасцей, столькі
незразумелага.
      Машына выехала з лесу, выскачыла на вясковую вуліцу.
Як сімвал вясковага жыцця справа паказаўся абледзянелы,
амаль урослы ў снег стары калодзеж. Разам з жураўлём
разгойдвалася на ветры цяжкае драўлянае вядро. Дзе зараз
адшукаць такі калодзеж, такое вядро, з якіх спрадвеку пілі
людзі і з якіх яшчэ паспеў піць ваду і ён, Васіль.
     Зніклі… Знікаюць… Як шмат што іншае знікла, знікае з
таго, што жывіла і яшчэ часам жывіць і цела, і душу, што
ўспрымалася і ўспрымаецца ў хвіліны радасці і смутку як
своеасаблівыя сімвалы жыцця, чыстага і светлага. (248 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 337 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: