Словы, якія стралялі

Словы, якія стралялі
     У гады Вялікай Айчыннай вайны падпольныя выданні
знаходзілі сваіх чытачоў па ўсёй акупаванай Беларусі.
Працавала ў гэтай інфармацыйнай вайне ўсё: свежыя зводкі з
фронту, красамоўныя лічбы партызанскіх аперацый,
карыкатуры. Але не меншае ўздзеянне на чытачоў аказвалі
літаратурныя творы. Разумеючы сілу слова, практычна ўсе
вядомыя беларускія пісьменнікі прымалі ўдзел у падпольным
друку. Іх празаічныя і вершаваныя радкі, трапляючы ў самае
сэрца, уздымалі суайчыннікаў на барацьбу з фашыстамі.
     У ліпені 1941 года пачало выходзіць сатырычнае выданне
«Раздавім фашысцкую гбдзіну». Чытачы знаходзілі тут творы
Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата
Крапівы і іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама мастакоў.
     Пятрусь Броўка, як і многія літаратары, уплятаў у
вершаваныя радкі не толькі агульны боль мільёнаў беларусаў,
але і свой уласны. Маці паэта Алена Сцяпанаўна трапіла ў
канцлагер у Асвенцыме. Там штодзень выстройвалі вязняў у
шарэнгу і расстрэльвалі кожнага адзінаццатага. У адзін дзень
Алена Сцяпанаўна аказалася дзясятай, а за ёй стаяла
дзяўчынка. Не раздумваючы, жанчына адштурхнула тую і
заняла яе месца. А на здзіўленне іншых зняволеных спакойна
сказала, што сваё пажыла, а дзіцяці яшчэ трэба жыць. Пятрусь
Броўка ў 1947 годзе пабываў у Асвенцыме і прысвяціў памяці
самага дарагога чалавека паэму «Голас сэрца».
     У лютым 1942 года беларускіх журналістаў і пісьменнікаў
мабілізавалі для выдання газет на роднай мове. Дзеля гэтага
быў сфарміраваны эшалон-друкарня. Гэта друкарня выдавала
газету «За свабодную Беларусь» і сатырычны лісток
«Партызанская дубінка». Выходзілі таксама кніжкі
нестандартнага фармату – велічынёй з дзіцячую далонь. Яны
лёгка змяшчаліся ў кішэні гімнасцёркі і раскрываліся, нібы
гармонік. А вось змест іх быў далёка не дзіцячы: правілы
маскіроўкі на рознай мясцовасці, вядзенне штыкавога бою.
     У партызанскіх лясах нарадзілася ўнікальная з’ява
ваеннага часу – зборнік «Слуцкі пояс». Ён быў выдадзены ў
друкарні падпольнай газеты «Народны мсцівец» і аздоблены
мастакамі-партызанамі. І гэта пры тым, што газетную паперу
партызаны займелі, адбіўшы яе ў ворага, а замест фарбы
выкарыстоўвалі гуталін ды сажу. (301 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 179 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: