Смаргонская мядзведжая акадэмія

Смаргонская мядзведжая акадэмія
    Якіх толькі навучальных устаноў не сустрэнеш на свеце,
але сярод іх была адна – ці не адзіная і знакамітая на ўсю
Еўропу. Знаходзілася яна ў беларускім горадзе Смаргонь і
называлася мядзведжай акадэміяй. “Акадэмікамі” ў ёй былі,
вядома ж, касалапыя мішкі з навакольных смаргонскіх лясоў.
     Заснавалі акадэмію ў сямнаццатым стагоддзі князі
Радзівілы. На самым пачатку вясны адшуквалі ў вялізных
сасновых лясах, што густа атулялі Смаргонь, малых
медзведзянят. І пачыналі іх вучыць. Каб стаць акадэмікам,
мішкам даводзілася добра папацець. Класам была прасторная
хата, падлогай якой служыла ляжанка вялікай печы.
Мядзведзяў навязвалі да слупа ў цэнтры, а ў печы распальвалі
агонь. Заднія лапы вучняў абувалі ў лапці, абгарнуўшы
папярэдне анучамі. Печ награвалі да той пары, пакуль малады
звер не станавіўся на заднія лапы. А калі не ўратоўвалі і лапці,
ён пачынаў падтанцоўваць – пераступаць з адной лапы на
другую. Настаўнік у гэты час біў у бубен або граў на дудцы.
Рытм музыкі супадаў з рытмам таптання мядзведзя.
Атрымліваўся танец. Заняткі праводзіліся штодзённа і
доўжыліся ад аднаго да двух месяцаў.
     Пасля гэтага мядзведзяў выводзілі з хаты на волю. Тут іх
зноў пацяшалі бубнам або дудкай, але, навучаныя клеткай-
хатай, звяры не чакалі, пакуль стане прыпякаць у пяты, і
пачыналі адразу танцаваць. За такую стараннасць іх частавалі
пернікам.
    Вытрымаўшы выпускныя экзамены, акадэмікі-скамарохі
разам са сваімі павадырамі разыходзіліся па гарадах, мястэчках
і вёсках беларускай зямлі. Траплялі ў Расію, Польшчу,
Францыю, Германію, даходзілі нават да Венгрыі. Мядзведжая
акадэмія ў Смаргоні існавала ледзь не да паловы
дзевятнаццатага стагоддзя. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 2040 | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: