Смелая варона

Смелая варона
      У лесе, каля вёскі, жыў ястраб, дужы драпежнік, хітры.
Прытоіцца між галінак і чакае, пакуль якая-небудзь птушка
наблізіцца. Убачыць птушку ці малога звярка – па́дае каменем
уніз. І няма ратунку бедалазе.
      Так разбойнічаў ястраб усё лета і восень. Але многія
птушкі паляцелі ў вырай, менш іх стала ў лесе і на полі. Тады
лясны драпежнік стаў паляваць каля вёскі, дзе каля
свінарнікаў і кароўнікаў трымаліся галубы, галкі, вароны.
Падкрадзецца, як злодзей, з-за будынкаў да чарады, шусне
зверху нечакана – і нясе ў лес сваю здабычу. Магчыма, і
разбойнічаў бы гэты ястраб каля вёскі, каб не адна варона, на
якую напаў лясны драпежнік.
      Быў ясны марозны дзень. Раптам пачуўся прарэзлівы
крык вароны, рэзкі лопат крылаў: ястраб набліжаўся да
шэрабокай. Варона ўзвілася ўверх, трывожна закрычала,
просячы сябровак аб дапамозе. Сама ж кінулася не ўцякаць, а
… насустрач ястрабу. Яна выставіла сваю доўгую дзюбу,
растапырыла кіпцюры. Драпежнік не чакаў такога адпору,
таму рэзка затармазіў ды шуснуў убок.
      Варона з усёй сілы каркнула і зноў напала на ястраба. На
дапамогу з усіх бакоў спяшаліся яе сяброўкі. Злоснае рэзкае
карканне, лопат дзясяткаў пар крылаў – вароны набліжаліся
да месца паядынку.
      Праз міг цэлая чарада варон кружылася вакол ястраба.
То адна варона, то другая ўзмывала ўвысь і з рэзкім карканнем
нападала на драпежніка, старалася дзеўбануць яго сваёй
дзюбай, ударыць крылом ці кіпцюрамі.
      Ястраб страціў свой ваяўнічы запал, забыўся пра
паляванне, стаў сам ратавацца ад раз’юшаных птушак, чорная
хмара якіх кружылася над ім. Ён то падаў да самай зямлі, то
рэзка кідаўся ўбок, каб ухіліцца ад удараў, то ныраў у галлё
невысокіх кустоў.
      Неўзабаве ястраб знік у гушчары, зашыўся ў галлё густой
елкі і прытаіўся там. Ён цяжка, перарывіста дыхаў, успамінаў
няўдалае паляванне і не мог уцяміць, чаму слабейшая за яго
птушка перамагла.
      А вароны пакружыліся над вярша́лінамі дрэў і паляцелі на
поле, расселіся адна пры адной на правадах электралініі, паціху
пакарквалі – расказвалі, відаць, адна адной, як нападала
кожная на разбойніка.
      Яны, напэўна, зразумелі, што чарадой лягчэй адбівацца
ад ворага, што ў дружбе і згодзе – сіла. (329 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 180 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: