Стары лес

Стары лес
     Гэта быў старасвецкі лес, у ім былі такія пушчы і нетры,
аб якіх не ведаў ніхто на свеце. Поўны месячык раз у чатыры
квадры ўсплываў на сярэдзіну неба і адтуль рыхтаваўся
пацікавіцца, што дзеецца пад паветкаю густога лісця. Але яму
лягчэй было б разгледзець, што робіцца пад страхою ў хаце
чалавека, чым прабіцца праз галіны адвечных гушчароў.
Сумаваў тады круглявы блішчасты месячык, хаваў свой твар у
светлых хмарках. Само яснае сонейка ледзь-ледзь прапускала
залатыя косы і даставала толькі да палавіны. На самым нізе
панаваў цянёк і прахалода. Звяры і птушкі не мелі адвагі
збірацца ў нетрах лесу. Там жыла адна тая таямнічасць, што
запаўняла гэтыя нетры страхам і нікому не вядомымі падзеямі.
     Праз гушчары, пад павеццю зялёнага галля, прабівалася
бліскучая стужка халоднай вады і дзяліла пушчу на дзве
часткі. Абодва берагі рэчкі былі густа зарослыя старымі
дрэвамі. Яны прасціралі сваё галлё над рэчкаю і перапляталіся
паміж сабой. І лес па адзін бок рэчкі, і лес па другі яе бок быў
адным лесам, і тое, што рабілася на адным беразе рэчкі, было
таксама справаю другога берага. Адным словам, у лесе быў
адзін супольны клопат, адно жыццё.
     Рэчка была невялікая: у лесе яна пачыналася, у лесе і
заканчвалася. Канчалася яна пышным і прыгожым возерам.
Вакол возера, як вежы, стаялі мудрыя дубы. У гэтым ланцугу
вельмі важных з’яў, у гэтай пушчы рэчка займала не апошняе
месца, хоць справядлівасць вымагае сказаць, што яна і не
думала займаць такога месца.
      Доўгія-доўгія гады, цэлыя вякі жыла пушча згодна і
шчасліва, жыла поўным, багатым жыццём. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 115 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: