Сведкі сівой даўніны

Сведкі сівой даўніны
     Навагрудская зямля вельмі цікавіць археолагаў. Вучоныя,
нібы нястомныя краты, сваім асаблівым чуццём адшукваюць
на старажытнай зямлі сведкаў сівой даўніны.
     Мы маем шчаслівую магчымасць зайсці ў Навагрудскі
гісторыка-краязнаўчы музей і паўзірацца ў знаходкі археолагаў.
Толькі не трэба спяшацца хадзіць па музейных залах. Варта
ўключыць фантазію – і сведкі сівой даўніны раскажуць шмат
цікавага, займальнага і павучальнага.
      Можа, вунь тыя шкляныя пацеркі, рэдкі і дарагі
падарунак, насіла князёўна. Можа, імі ўпрыгожыў сваю
каханую мужны воін з дружыны караля Міндоўга. А на чыім
пальчыку зіхацеў прыгожы залаты пярсцёнак, якому многія
сотні гадоў?
     А вось даўнейшая шахматная фігурка. Дзе ж астатнія?
Хто і каму ставіў ма́ты1 ў гэтай цікавай старажытнай гульні?
     Археолагамі знойдзена чатырнаццаць пісалаў. Гэта
своеасаблівыя ручкі. Хто і што пісаў імі? Можа, дзе-небудзь
ляжаць яшчэ не адкрытыя берасцяныя пасланні да нас, людзей
дваццаць першага стагоддзя.
     Нельга адарваць вачэй ад рэчаў, якімі карысталіся нашы
далёкія продкі. Вось яны: ляпны посуд, серпападобныя нажы,
крамянёвыя сякеры, гаршкі, міскі, гузікі, рыбалоўныя кручкі,
ключы, конскія падковы, зброя, наканечнікі стрэл. Усім гэтым
дабром даўным-даўно карысталіся разумныя, дбайныя
гаспадары.
     У старажытным Наваградку ўжо былі двухпавярховыя
мураваныя дамы з зашклёнымі вокнамі. Гэта ў той час, калі
паўсюдна стаялі яшчэ куродымныя2 хаты амаль без акон, бо
шкло было занадта дарагой раскошай. Посуд, упрыгожанні
прывозілі з іншых зямель: Візантыі, Кіеўскай Русі, Прыбалтыкі,
Рымскай імперыі.
     Дзеці Навагрудчыны жывуць у музейным раёне. Шмат
тайнаў па сённяшні дзень захоўвае іх векавечная зямля. Трэба
толькі навучыцца любіць і цаніць яе, і яна абавязкова раскрые
свае таямніцы і шчодра адорыць цікаўных. (246 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 231 | Рейтинг: 1.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: