Свет не без добрых людзей

Свет не без добрых людзей
     Звычайна, калі ў Васіля быў дрэнны настрой, яму чамусьці
ўспаміналася дзяцінства. Успаміналася цёплае лета. Падворак,
на якім пахла смалой і трэскамі, зялёная траўка і гусі. Вялікі
шэры гусак выцягвае доўгую шыю, каб ушчыкнуць яго. Васіль
палохаецца, заве маці. Загнаўшы гусей за шашу, яны з маці
заўважаюць каля аўтобуснага прыпынку згорбленага старога
дзядка.
     – Адкуль вы будзеце, дзядзька? – спыняецца побач маці.
     – Здалёку, мая дачушка. Аж з Убалацця. Чакаю, чакаю
аўтобуса да гарадка, а яго ўсё няма.
     – Ён цяпер будзе толькі заўтра вечарам. Хадземце, у нас
пераначуеце, а заўтра паедзеце ў гарадок, – прапанавала маці.
     Дзядок расчуліўся і часта заміргаў вачамі:
     – А мая ж ты дачушка! Няёмка мне, але свет не без
добрых людзей.
     Дзядок начаваў у іх, вячэраў разам з усімі. Чамусьці
бацька, які звычайна хутка еў, на гэты раз доўга сядзеў за
сталом, размаўляў з дзядулем.
     Тады гэты выраз “свет не без добрых людзей” Васілю быў
незразумелым, але запаў у памяць, не сцёрся. Пазней ён
зразумеў глыбокі сэнс слоў старога чалавека. Не толькі таму
багата на свеце добрых людзей, што нехта дзеліцца з кімсьці
апошнім кавалкам хлеба, падтрымлівае ў цяжкую хвіліну. А
яшчэ і таму, што большасць людзей жыве сумленна, верыць
іншым, можа распазнаць фальш і падман. А добры свет,
напэўна, і складаецца з мільёнаў зярнятак дабрыні і
чалавечнасці. Адно да аднаго – вось аснова жыцця наогул.
     Дзядуля той назаўтра паехаў. А Васілю неяк падсвядома
было добра і радасна за маці і бацьку, і на гусей ён болей не
крыўдаваў. (242 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 337 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: