Сымон Будны і Васіль Цяпінскі

Сымон Будны і Васіль Цяпінскі
     Сымон Будны – наступнік Скарыны ў справе друкавання
кніг і пашырэння асветы сярод народа, выдатны дзеяч
беларускай Рэфармацыі, таленавіты пісьменнік, педагог і
філосаф, багаслоў і прапаведнік. Імя Сымона Буднага ў
шаснаццатым стагоддзі было шырока вядома ў краінах
Заходняй Еўропы. Гэта быў адукаваны чалавек. Апрача роднай
беларускай мовы ён выдатна валодаў іўрытам, лацінскай,
грэчаскай, стараславянскай, польскай і італьянскай мовамі,
што дазваляла яму паглыбіць свае веды ў антычных культурах,
аналізаваць дасягненні Сярэднявечча, без цяжкасцей
знаёміцца з творамі заходне-еўрапейскіх філосафаў і
пісьменнікаў таго часу. На працягу амаль трыццацігадовай
творчай дзейнасці з-пад пяра славутага асветніка выйшаў
шэраг кніг, сярод якіх былі пераклады Бібліі, апокрыфаў.
     Вялікую папулярнасць сярод жыхароў Беларусі мелі
творы Сымона Буднага, у якіх наш асветнік выступаў за
вызваленне чалавечага духу, за свабодную стваральную працу.
Ён заклікаў усіх грамадзян паважаць дзяржаўныя законы,
шанаваць бацькоўскую зямлю і матчыну мову, сумленна
выконваць свае абавязкі, жыць паводле Божых запаведзяў.
     Адначасова з Сымонам Будным працаваў у сваёй
друкарні, заснаванай у фальварку Цяпіна на Віцебшчыне, яшчэ
адзін змагар за народную асвету, яго аднадумец – Васіль
Цяпінскі. Галоўная яго заслуга перад гісторыяй і беларускім
народам заключаецца ў тым, што ён у поўны голас заявіў пра
неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на роднай
мове. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, ён пераклаў і выдаў кнігі
Новага Запавету.
     Не ўсё задуманае ўдалося здзейсніць Васілю Цяпінскаму.
Але яго высакародныя намеры, грандыёзная праграма асветы
простага народа ўражвае, выклікае пачуцці павагі і гонару за
нашага самаахвярнага прашчура, які глядзеў на некалькі
стагоддзяў наперад, усвядоміўшы ролю роднай мовы ў яднанні
суайчыннікаў і росквіце нацыі. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 103 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: