Танец жураўлёў

Танец жураўлёў
     Вясна ў той ваенны год прыпазнілася і вельмі старалася
нагнаць упушчаны час. Днём сонца стала добра прыграваць.
Жураўлі недалёка ад партызанскага лагера пачалі наладжваць
танцы на балоце. Аднаго разу партызанскі сувязны Васіль
захацеў паглядзець, як птушкі танцуюць. Устаў рана,
прытаіўся ў кустах, яму добра было відаць усё балота. Лес
ажывіўся радаснымі песнямі, вясёлым гоманам і крыкамі
птушак.
     Раптам прыляцеў журавель, сеў на невялікі ўзгорак, стаў
прыхарошвацца. Памыўшыся і прычасаўшы пер'е, ён узняў
галаву і гучна крыкнуў. Не прайшло і хвіліны, як з усіх бакоў
пачалі злятацца жураўлі. Іх сабралася больш за дваццаць.
Сонца ўжо паднялося над лесам.
      Першы журавель выйшаў на сярэдзіну палянкі. Ён быў
самы прыкметны: у яго была бялейшая шыя, а ў хвасце
некалькі пер’яў апускаліся амаль да зямлі. Ён выцягнуўся,
абвёў поглядам усіх птушак і раптам, быццам на спружынах,
падскочыў на цыбатых нагах.
      Гэта было запрашэнне на танец. Жураўлі расступіліся,
даючы месца танцорам. Самыя жвавыя і спрытныя выйшлі на
сярэдзіну паляны. Яны ўзмахнулі крыламі, падскочылі і пачалі
танцы. Яны тупалі нагамі, выгіналі шыі, кланяліся адзін
аднаму. З кожнай хвілінай танцоры ўсё больш разыходзіліся.
Да іх далучаліся іншыя жураўлі. Зусім нечакана, як па
камандзе, танцоры пасталі, разабраўшыся парамі, дзюба ў
дзюбу. Падняўшы шырока крылы і распушыўшы хвасты,
птушкі пачалі круціцца на пляцоўцы, нібы віхор. Жураўлі, якія
не танцавалі, стаялі навокал і білі крыламі.
     Доўга танцавалі і весяліліся жураўлі. Здавалася, іх танцам
і весялосці не будзе канца. Калі сонца паднялося высока і стала
добра прыпякаць, крылатыя танцоры і гледачы разляцеліся,
каб заўтра зноў сустрэцца на гэтай пляцоўцы. (250 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 293 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: